79
Зямля
1. З якім пачуццём аўтар апісвае родную зямлю?
Пачынаецца твор са слова “Зямля”, якое выносіцца ў асобны абзац, аўтар як бы акцэнтуе на ім увагу з самага пачатку, і пасля яго шматкроп’е. У тэксце багата шматкроп’яў, што кажа пра задумліва-разважлівы тэмп аповеду. Лірычны герой ляціць над беларускай зямлёй і паўтарае “Як у казцы” некалькі разоў, ён атаясамлівае Беларусь з казачным, непаўторным, дзівосным кутком – ён ганарыцца сваёй краінай. Таксама шмат разоў паўтараецца займеннік “Усе” – што паказвае на адзінства і прыроды, і людзей, якія там жывуць. А клічнікі ў радку “Зямля! Маці наша!” яшчэ раз пацвярджаюць словы пра тое, што аўтар любіць, ганарыцца сваёй Радзімай.
2. Вызначце асноўную думку твора.
Асноўная думка твора вынесена ў назву і ў першы сказ – гэта “Зямля”. Пад гэтым маецца на ўвазе Радзіма, непаўторная і асаблівая родная старонка.
3. Чаму зямля — маці наша? Як чалавек звязаны з роднай зямлёй?
Напэўна, амаль кожны беларускі пісьменнік, пішучы пра Радзіму, называе яе “Маці-Радзіма”. М. Багдановіч: “Маці родная, Маці-Краіна!”… І гэта не проста так. Калі спытаць у кожнага, што ў яго асацыіруецца з Радзімай, роднай зямлёй, то адны з самых папулярных адказаў будуць – мой родны дом, мая школа, мае сябры, тата, маці. Таму што ў чалавека маці толькі адна, як і родная зямля – гэта даецца адзін раз і на ўсё жыццё.
4. Якімі эпітэтамі Змітрок Бядуля характарызуе поры года?
Зіма: бліскучая здаровая
Вясна: святая зялёная
Лета: гарачае залатое
Восень: сытная багатая
5. Уважліва прачытайце апошні абзац (са слоў: І хто каранямі сваімі...). Растлумачце сэнс гэтага вобраза.
Гэтыя радкі азначаюць, што калі род сям’і працягвае жыццё і развіццё на сваёй радзіме, не пакідаючы яе, то гэтая сям’я сама шчаслівая. Таму што няма нічога больш дарагога, роднага, чым сям’я і Радзіма. Нават тыя людзі, каторыя з’язджаюць на чужыну, ужо вельмі хутка пачынаюць сумаваць па самых простых з’явах: родная хата, беларускія краявіды…
6. Абгрунтуйце, чаму аўтар лірычнай мініяцюры «Зямля» — патрыёт.
Аўтар гэтага твора – патрыёт, таму што толькі сапраўдны патрыёт можа так захапляцца роднымі краявідамі. Нават самыя звычайныя поры года аўтар апісвае багатымі эпітэтамі. І заканчвае свой твор з няяўным заклікам любіць сваю радзіму і заставацца жыць там, дзе нарадзіўся.
7. Разгледзьце рэпрадукцыі карцін Алены Бархатковай «Золата восені», Эдуарда Рымаровіча «Студзень», Віктара Каралёва «Вясна», Івана Шышкіна «Жыта». Што адлюстравана на карцінах? Вызначце настраёвасць гэтых палотнаў жывапісу. Якія фарбы на іх пераважаюць? Ці існуе пэўная сувязь рэпрадукцый карцін са зместам лірычнай мініяцюры? Прааналізуйце вобразы, створаныя мастакамі.
На карцінах адлюстраваны поры года. Фарбы на іх адпавядаюць нашым агульным уяўленням пра поры года: восень залатая, відаць, адлюстраваны кастрычнік, таму што лісты на дрэве яшчэ ёсць, але ўжо актыўна ападаюць; зіма, са сваімі гурбамі, які пераліваюцца ад сонечных промняў; вясна, калі прырода вось-вось пачне ажываць, зіма сыходзіць; і цёплае бесклапотнае лета з яркімі фарбамі і бясхмарным небам. Некаторыя з карцін маюць шмат агульнага з апісаным у творы: бліскучая здаровая зіма, гарачае залатое лета, сытная багатая восень. А вось вясна крыху адрозніваецца. У З. Бядулі яна святая зялёная, а на карціне светлых, зялёных адценняў няма.
Вобразы мастакі стварылі усім нам вядомыя, калі мы думаем пра пэўную пару года, то ўсе ўяўляем прыкладна тое, што выяўлена карцінах: золата восені, заснежаны краявід, раставанне лёду і дрэвы без лісця ўвесну, позняе цёплае лета з жоўта-зялёнымі фарбамі.
8. Падрыхтуйце вусную замалёўку «Мая зямля» («Мой край», «Мая Радзіма»).
Мой край
Я зачыняю вочы, і перада мной паўстае хата маіх дзядулі і бабулі. Вечарэе. Бабуля паліць печку, дзядуля робіць штосьці па гаспадарцы. Гэты водар, якім вее ад печы, не зблытаць ні з чым. Я выходжу на двор, гляджу ў ужо не сіняе, але і не начное восеньскае неба. Некалькі птушак ляцяць у бок лесу; я чую гукі прыроды і нават не магу разабраць, хто іх утварае. Я ўздыхаю паветра на поўныя грудзі і разумею, што я вельмі люблю сваіх бацькоў, сваіх дзядулю і бабулю, свой непаўторны, дзівосны край з простымі, але роднымі рэчамі, краявідамі.