Білет 25. Гісторыя Беларусі

1. Падзеі Першай сусветнай вайны на беларускіх землях

1. Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Царскiм урадам у заходнiх губернях было аб’яўлена ваеннае становiшча. Забаранялася дзейнасць усiх палiтычных партый, правядзенне сходаў, шэсцяў, забастовак, распаўсю джванне газет i кнiг. Урад разгарнуў сярод насельнiцтва шырокую прапаганду ў «абарону цара i Айчыны», за «перамогу рускай зброi». Сярод палiтычных партый толькi бальшавiкi выступiлi супраць вайны з выкрыццём яе антынароднага характару. Яны адмовiлiся падтрымлiваць царскі ўрад.

З пачатку 1915 г. баявыя дзеянні былi засяроджаны на Усходнiм фронце, якi iмклiва наблiжаўся да Беларусi. У вераснi 1915 г., прарваўшы фронт у раёне Свянцян, германскія войскі захапiлі Вiлейку i наблiзiліся да Маладзечна. Наступальная аперацыя германскай арміі, вядомая пад назвай Свянцянскі прарыў, стварыла пагрозу захопу Мінска. Толькi велiзарным напружаннем сiл расiйскай армii ўдалося спынiць гэта наступленне і ліквідаваць прарыў.

Расійская армія вымушана была пакінуць значную частку тэрыторыі Беларусі. У жніўні — верасні 1915 г. германскія войскі занялі Брэст, Гродна і іншыя заходнебеларускія гарады. У сувязі з гэтым Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміяй была перанесена з Баранавічаў у Магілёў.

Фронт усталяваўся па лініі Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск. Абарона Смаргоні доўжылася 810 дзён. Гэта быў адзіны горад на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора, які так доўга і ўпарта абараняла расійская армія ў час Першай сусветнай вайны. У 1916 г. пад Смаргонню, упершыню на Усходнім фронце, германскія войскі выкарысталі атрутны газ.

Вясной 1916 г. на тэрыторыi Беларусi па ўзгадненнi з Англiяй i Францыяй рускае камандаванне правяло наступальную аперацыю ў раёне возера Нарач. Цаной вялiкiх страт расiйскiя войскi змаглi адцягнуць на сябе значную колькасць германскiх рэзерваў i палегчыць цяжкае становiшча французскай армii. Аднак дабiцца рашаючых вынiкаў у Нарачанскай наступальнай аперацыi не ўдалося. Яна закончылася безвынiкова, з вялiкiмi стратамi для расійскай армii.

2. Акупацыйны рэжым. Пад германскай ваеннай уладай апынулася 1/4 частка Беларусi, дзе да вайны пражывала 2 млн чалавек. Тут
усталяваўся акупацыйны рэжым. Германская ваенная адміністрацыя ўвяла ўласныя законы, рэжым рабаўніцтва і гвалту. Дзейнічала жорсткая сістэма розных штрафаў, прымусовых работ, праводзіліся рэквізіцыі — прымусовае адчужэнне маёмасці і прадуктаў для забеспячэння нямецкай арміі. У Германію вывозілася працаздольнае насельніцтва, а таксама абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчыя прадукты, жывёла. Любая спроба супраціўлення жорстка каралася, аж да пакарання смерцю.

3. Баявыя дзеяннi моцна паўплывалi на сацыяльна-эканамiчнае становiшча ва ўсходняй частцы Беларусi, якая ўяўляла сабой прыфрантавую зону. Тут знаходзiлася вялiкая групоўка салдат i афiцэраў расійскай армii. Адступленне ў 1915 г. расійскiх войскаў, пагроза германскай акупацыi выклiкалі масавае, часта прымусовае бежанства жыхароў Беларусi на ўсход. Царскiя ўлады спрабавалi выкарыстаць бежанцаў у якасцi таннай рабочай сiлы для патрэб фронту.

У вёсцы востра адчуваўся недахоп мужчынскiх рук. За гады вайны толькi ў Вiцебскай, Мiнскай i Магiлёўскай губернях у расiйскую армiю было мабiлiзавана больш за палову ўсiх працаздольных мужчын. У вынiку рэзка скараціліся пасяўныя плошчы i павялiчылася колькасць гаспадарак, якiя пазбавiлiся кароў i коней.

З-за адсутнасцi палiва, сыравiны, мужчынскiх рук у цяжкiм становiшчы знаходзiлася прамысловасць. Разам з тым павялiчылi выпуск прадпрыемствы, скiраваныя на выпуск ваеннай прадукцыi. Вялiкiя ваенныя расходы выклiкалi рост цэн на тавары першай неабходнасцi i прадукты харчавання, рэзкае знiжэнне жыццёвага ўзроўню насельнiцтва.

4. Прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху выступілі з асуджэннем вайны. У занятай германскімі войскамi Вiльнi браты I. i А. Луцкевiчы, В. Ластоўскi ўзначалiлi Беларускi камiтэт дапамогi пацярпелым ад вайны. Быў распрацаваны шэраг праектаў стварэння беларускай дзяржаўнасці. Напрыклад, праект адраджэння ВКЛ. Згодна з ім акупіраваныя Германіяй беларускія і літоўскія землі павінны былі аб’яднацца ў адну дзяржаву з соймам у Вільні. Акупацыйныя ўлады на словах падтрымлівалі такую ідэю, бо імкнуліся выкарыстаць нацыянальны рух для замацавання сваёй улады на захопленых тэрыторыях. Аднак у планы Германіі не ўваходзіла стварэнне незалежнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Ідэя ўзнаўлення ВКЛ не магла быць рэалізавана ва ўмовах германскай акупацыі.

У 1916 г. была прапанавана ідэя стварэння саюзу незалежных дзяржаў — «Злучаных штатаў» Беларусі, Літвы, Латвіі і Украіны на тэрыторыі ад Балтыйскага да Чорнага мора. Такі Балтыйска-Чарнаморскі саюз мог бы забяспечыць незалежнасць маладых дзяржаў ад Польшчы і Расіі і дапамагчы аднаўленню разбуранай падчас вайны эканомікі. З гэтай ідэяй беларуская дэлегацыя выступіла на міжнародных канферэнцыях, аднак урады еўрапейскіх краін, уцягнутых у сусветную вайну, не ўспрынялі гэтых прапаноў.

У 1917 г. група дзеячаў беларускага нацыянальнага руху на чале з В. Ластоўскім выступіла за поўную дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Такім чынам упершыню была сфармулявана ідэя поўнай незалежнасці Беларусі.

2. Ушанаванне памяці аб гістарычных асобах і дзеячах культуры Беларусі ў Рэспубліцы Беларусь

1. Увекавечванне дзейнасці гістарычных асоб і творчасці дзеячаў культуры Беларусі стала асаблівасцю новага этапа ў развіцці нацыянальнай культуры ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Па праектах беларускіх скульптараў быў створаны шэраг скульптурных кампазіцый і помнікаў гістарычным асобам і дзеячам культуры. Сярод іх — прысвечаныя сярэдневяковаму перыяду дзяржаўнасці ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі: полацкай князёўне Рагнедзе і яе сыну полацкаму князю Ізяславу ў Заслаўі; асветніцы Еўфрасінні Полацкай у Полацку і капліца ў яе памяць у Рэчыцы. Брэсцкім майстрам М. Кузьмічом у 1997 г. адноўлена страчаная ў гады Вялікай Айчыннай вайны хрысціянская святыня — вобраз крыжа Еўфрасінні Полацкай. У старажытным Тураве пастаўлены помнік асветніку Кірылу Тураўскаму. Узведзены конны помнік полацкаму князю Усяславу Брачыславічу (Чарадзею) у Полацку. Асоба князя віцебскага ў пачатку XIV ст. і вялікага князя літоўскага Альгерда прадстаўлена конным помнікам у Віцебску.

У 2017 г. адзначаецца 500-годдзе выдання першай друкаванай кнігі ўсходнеславянскім першадрукаром і асветнікам Францыскам Скарынам. Помнікі гуманісту ўзведзены на яго радзіме ў Полацку, а таксама ў Лідзе і Мінску побач з будынкам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Помнік друкару XVI ст. Пятру Мсціслаўцу створаны ў Мсціславе. Па ўзоры заходнееўрапейскіх універсітэтаў дворык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўпрыгожылі скульптуры Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, аўтара паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, першадрукара Ф. Скарыны, асветнікаў Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Узведзены помнік канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу ў Лепелі. Помнік грамадскаму і царкоўнаму дзеячу XVII ст. Сімяону Полацкаму адлюстроўвае памяць аб ім на яго радзіме ў Полацку.

Па рашэнні ЮНЕСКА архітэктурна-культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і Мірскі замкава-паркавы комплекс ўнесены ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны. Яны з’яўляюцца аднымі з самых каштоўных гісторыка-культурных аб’ектаў у нашай краіне і яе своеасаблівымі брэндамі. Адрэстаўравана таксама капліцапахавальня адных з уладальнікаў замка — князёў Святаполк-Мірскіх. Распрацавана і фінансуецца дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі», згодна з якой прадугледжваецца аднаўленне шэрага гістарычных помнікаў, сярод якіх Навагрудскі, Крэўскі, Лідскі, Гальшанскі замкі і інш. Паступова аднаўляюцца рэзідэнцыя княжацкага роду Сапегаў у Ружанах, дзе адкрыта музейная экспазіцыя, палацава-паркавы комплекс Тызенгаўза ў Паставах. Адбываецца рэстаўрацыя помніка неагатычнай архітэктуры ХІХ ст. — палаца Пуслоўскіх у Косаве, які размяшчаецца побач з адноўленай сядзібай, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

У Слоніме адноўлены будынак прыгоннага тэатра, створанага ў XVIIІ ст. Міхалам Казімірам Агінскім. Грамадска-палітычнаму дзеячу, кампазітару — аўтару паланэза «Развітанне з Радзімай» Міхалу Клеафасу Агінскаму ўзведзены помнік у Маладзечне.

Гісторыя ХІХ ст. прадстаўлена помнікамі польскаму паэту беларускага паходжання Адаму Міцкевічу ў Навагрудку і Мінску; мастаку і кампазітару Напалеону Орду ў г. Іванава Брэсцкай вобласці; паэту Францішку Багушэвічу ў Смаргоні; мастаку Валенцію Ваньковічу, класіку новай беларускай літаратуры Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і кампазітару Станіславу Манюшку ў Мінску.

Распрацаваны і рэалізуецца праект стварэння ў Віцебску шагалаўскага квартала (вытворча-турыстычнага комплексу) на вуліцы, дзе знаходзіцца Дом-музей і помнік сусветна вядомаму мастаку ХХ ст. Марку Шагалу, радзімай якога з’яўляецца Беларусь.

ХХ стагоддзе прадстаўлена помнікам беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу ў Оршы. З’явіўся першы ў краіне помнік вучонаму-гісторыку Мітрафану Доўнар-Запольскаму на яго радзіме ў Рэчыцы. Постаць мастака Язэпа Драздовіча адлюстравана помнікам у Мінску. Славутым грамадска-палітычным дзеячам савецкага часу ўраджэнцам Беларусі Першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Міронавічу Машэраву і міністру замежных спраў СССР Андрэю Андрэевічу Грамыку ўстаноўлены помнікі ў Віцебску і Гомелі. У Мінску побач з праспектам Пераможцаў пасярод ракі Свіслач на Востраве мужнасці і смутку пабудавана капліца ў памяць нашых землякоў, загінуўшых у войнах за межамі Беларусі, у тым ліку воінаў-афганцаў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак. У Брэсце ўзведзены помнік першаму Герою Беларусі ваеннаму лётчыку Уладзіміру Карвату, які цаной уласнага жыцця выратаваў жыцці мірных жыхароў.

2. Ушанаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. 3 ліпеня 1954 г. на тагачаснай Круглай плошчы ў Мінску быў адкрыты Манумент Перамогі ў гонар воінаў Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры актыўным удзеле звыш мільёна чалавек быў узведзены Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мастацкай выразнасцю вызначаецца мемарыяльны комплекс савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага раёна, прысвечаны ўдзелу 1-й Польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі ў вызваленні БССР. Помнікам беларускім вёскам, якія поўнасцю ці часткова былі знішчаны ў час нямецка-фашысцкай акупацыі, з’яўляецца Хатынскі мемарыял. Прататыпам помніка «Няскоранаму чалавеку» ў Хатыні стаў Іосіф Камінскі — адзіны сведка трагедыі спаленых разам з вёскай жыхароў. Універсітэтам мужнасці называюць мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Паблізу гарадскога пасёлка Ушачы створаны мемарыял «Прарыў», прысвечаны прарыву партызанамі варожай блакады. Помнік «Кацюша» ў Оршы нагадвае аб першым у гісторыі вайны прымяненні рэактыўных мінаметаў. У Жодзіне ўзведзены помнік у гонар маці-патрыёткі Анастасіі Фамінічны Купрыянавай, чые пяць сыноў змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адзін з іх — Пётр — паўтарыў подзвіг А. Матросава, закрыўшы сваім целам страляючы варожы кулямёт. У Мінску на адным з будынкаў знаходзіцца мемарыяльная дошка, прысвечаная подзвігу Трыфана Лук’яновіча, які ў час штурму Берліна выратаваў нямецкую дзяўчынку, а сам загінуў. На мінскай плошчы Я. Коласа знаходзіцца помнік народнаму герою Беларусі дзеду Талашу, а ў адным з мінскіх сквераў — помнік Марату Казею. Побач з помнікам-абеліскам «Мінск — горад-герой» узведзены новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Адлюстраваннем павагі да гістарычнай памяці з’яўляецца шматтомнае выданне гісторыка-дакументальных хронік «Памяць».

3. Аналіз гістарычных фактаў на падставе статыстычных даных

Аналіз колькасных даных Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. аб нацыянальным складзе насельніцтва беларускіх губерняў

Па нацыянальным складзе 65,6% насельніцтва Беларусі з’яўляліся беларусамі, 14,6% — яўрэямі, 6% — рускімі, 5,2% — палякамі, 4,6% —
украінцамі. Пры гэтым беларусаў сярод гарадскіх жыхароў было толькі 14,5%. Удзельная вага яўрэйскага насельніцтва мястэчак дасягала
60—80%. Прыведзеныя ў перапісу статыстычныя паказчыкі сведчылі аб перавазе сярод жыхароў беларускіх губерняў прадстаўнікоў тытульнай нацыі. На другім месцы па колькасці насельніцтва апынуліся асобы яўрэйскай нацыянальнасці. Гэты факт тлумачыцца існаваннем у 1794—1917 гг. мяжы яўрэйскай аселасці, якая абумовіла штучную перанаселенасць яўрэямі гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама
колькасную перавагу іх сярод гарадскіх рамеснікаў і рабочых, а таксама гандлёва-прамысловай буржуазіі. Урадавая палітыка перасялення ў Беларусь рускіх памешчыкаў і чыноўнікаў у другой палове ХІХ ст. прывяла да павелічэння тут колькасці прадстаўнікоў рускай нацыянальнасці. На мяжы з Польшчай у Гродзенскай і Віленскай губернях традыцыйна пражывала найбольшая колькасць палякаў.