Білет 22. Гісторыя Беларусі

1. Падзеі рэвалюцый 1905—1907 гг. і Лютаўскай 1917 г. у Беларусі

1. Прычыны буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый былі звязаны з захаваннем галоўнага перажытку феадальнага ладу — дваранска-памешчыцкага землеўладання i нявырашанасцю аграрнага пытання аб надзяленнi сялянства зямлёй. Галоўнымі феадальнымі перажыткамі ў палiтычнай галiне з’яўляліся абсалютная манархiя (самадзяржаўе) i адсутнасць дэмакратычных правоў у грамадстве. Прычыны рэвалюцый былі абумоўлены нявырашанасцю пытання аб уладзе, бо захоўвалася абмежаваная манархія, і ўскладнены Першай сусветнай вайной, што распачалася ў 1914 г.

2. Палiтычныя сiлы, якія існавалі напярэдадні і ў час першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905—1907 гг., былі аб’яднаны ў тры палiтычныя лагеры.

Урадавы лагер iмкнуўся любымi сродкамi захаваць у краiне самадзяржаўе, саслоўныя прывiлеi дваранства, памешчыцкае земле ўладанне. Яго найважнейшай апорай з’яўлялiся армiя i палiцыя.

Буржуазна-лiберальны лагер быў прадстаўлены рознымi палiтычнымi партыямi i арганiзацыямi. Канстытуцыйныя дэмакраты (кадэты) iмкнулiся да ўвядзення ў Расii канстытуцыйнай манархii з парламентам. Iх дзейнасць шырокай падтрымкi ў Беларусi не атрымала. Акцябрысты падтрымалi царскi Манiфест цара Мiкалая II ад 17 кастрычнiка 1905 г., у якім абвяшчаліся палітычныя свабоды (слова, сходаў, друку, саюзаў) і ў адпаведнасці з якім Дзяржаўная дума (парламент) надзялялася заканадаўчымi паўнамоцтвамi.

Унутры рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера не iснавала адзiнства. Бальшавiкi як палiтычны напрамак у РСДРП (Расiйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыi) падзялялi марксiсцкую ўстаноўку на ўсталяванне дыкта туры пралетарыяту шляхам сацыялiстычнай рэвалюцыi. Цалкам самастойную палiтыку праводзiў Бунд — Усеагульны яўрэйскi рабочы саюз у Лiтве, Польшчы i Расii, якi абвясцiў сябе нацыянальнай арганiзацыяй яўрэйскiх рабочых. Партыя сацыялiстаў-рэвалюцыянераў (эсэры) выступала за сацыялізацыю зямлі, гэта значыць за перадачу яе ў агульнанародную ўласнасць i ўраўняльны падзел яе сярод сялянства пры адмене прыватнай уласнасцi на зямлю. Беларуская сацыялiстычная грамада (БСГ) — адзiная ў Беларусi нацыянальна-дэмакратычная партыя — выступала за аўтаномію, гэта значыць за шырокае ўнутранае самакіраванне для Беларусі з соймам у Вільні ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі.

3. Асноўныя падзеi рэвалюцыi 1905—1907 гг. у Беларусi былi адзначаны выступленнямi салiдарнасцi з нагоды «Крывавай нядзелi» 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу, калi царскiя войскi расстралялі мiрнае шэсце рабочых да Зiмняга палаца. У кастрычнiку 1905 г. працоўныя Беларусi прынялi актыўны ўдзел ва Усерасiйскай палiтычнай стачцы. 18 кастрычнiка ў гарадах Беларусi быў абвешчаны Манiфест цара ад 17 кастрычнiка 1905 г. У Мiнску пры патураннi мясцовай улады 18 кастрычнiка 1905 г. быў расстраляны шматлюдны народны мiтынг, на якiм абмяркоўваўся Манiфест. Гэта падзея атрымала ў гiсторыi назву «Курлоўскi расстрэл» (па прозвішчы губернатара Мiнска Курлова).

У снежнi 1905 г. цар аб’явiў аб правядзеннi выбараў у Дзяржаўную думу. У І Дзяржаўнай думе ледзь не палова дэпутатаў ад беларускіх губерняў утварыла сваю групу — аўтанамістаў, якія выступалі за аўтаномію Беларускага краю, падкрэслівалі, што ім павінны кіраваць «карэнныя жыхары, а не прышлыя, чужыя і варожыя яму элементы». У ІІ Думе дэпутаты ад заходніх губерняў аб’ядналіся ў Рускі ўскраінны саюз, які выступаў супраць рэвалюцыі і дзейнічаў пад лозунгам «Расія для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёю». Прадстаўнікі гэтага саюзу разглядалі Беларусь як частку Заходняй Расіі, адмаўлялі існаванне беларускай нацыі, лічылі неабходным канчатковае зліццё беларусаў з рускім народам. I i II Думы былi распушчаны ўказамi цара. Рэвалюцыя 1905—1907 гг. была падаўлена царскімі ўладамі.

4. Падзеі Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. пачаліся масавымі выступленнямi рабочых у Петраградзе. На iх бок сталi пераходзiць салдаты. 2 сакавiка 1917 г. цар Мiкалай II адрокся ад прастола. Самадзяржаўе было звергнута. Ствараліся новыя органы буржуазнай улады. У Петраградзе яны былi прадстаўлены Часовым урадам. Свае паўнамоцтвы яго мiнiстры ажыццяўлялi да выбараў Устаноўчага сходу — будучага парламента Расii. Ён павiнен быў вырашыць пытанні аб зямлi, аб вайне i мiры, нацыянальнае пытанне.

У гарадах i мястэчках Беларусi стваралiся органы рэвалюцыйна-дэмакратычнай улады — Саветы рабочых i сал дацкiх дэпутатаў. У Расii ўзнiкла своеасаблiвае становiшча, якое атрымала назву двоеўладдзе: з аднаго боку — рэвалюцыйна-дэмакратычная ўлада пралетарыяту i сялянства ў выгля дзе Саветаў, а з другога — улада буржуазii ў выглядзе «грамадскiх камiтэтаў парадку». Своеасаблiвасцю палiтычнага становiшча стала падтрымка Саветамi дзейнасцi камiтэтаў. Праваднiкамi такой палiтыкi з’яўляліся меншавiкi (палiтычны напрамак у РСДРП, якi падтрымліваў буржуазную ўладу) i эсэры.

Пасля перамогi Лютаўскай рэвалюцыi Беларуская сацыя лiстычная грамада прыкладала намаганнi да вырашэння нацыянальнага пытання. У Мiнску адбыліся з’езды прадстаўнiкоў бела рускiх нацыянальных арганiзацый, якія выказаліся за дзяржаўна-тэрытарыяльную аўтаномiю Беларусi ў складзе Расiйскай дэмакратычнай рэспублiкi. Аднак Часовы ўрад, якi стаяў на пазiцыях адзiнай i непадзельнай Расii, лiчыў, што нацыянальнае пытанне можа вырашыць толькi Устаноўчы сход.

Такім чынам, актуальнае для Беларусі пытанне аб афармленні дзяржаўнай самастойнасці заставалася нявырашаным.

2. Міжнароднае становішча і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь

1. Асноўнымі прыярытэтамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне з’яўляюцца: інтэграцыя ў сусветную супольнасць як раўнапраўнай, суверэннай і незалежнай дзяржавы; садзейнічанне будаўніцтву новай сусветнай і еўрапейскай сістэмы бяспекі, актыўны ўдзел у працы міжнародных арганізацый. Рэспубліка Беларусь падтрымлівае шматвектарны знеш непалітычны курс. Беларусь выбрала стратэгію «роўнай набліжанасці» да Усходу і Захаду, што дае нашай краіне шанц эфектыўна выкарыстоўваць выгаднае геапалітычнае становішча і транзітны патэнцыял для збалансаванага ўзаемадзеяння са сваімі блізкімі суседзямі і аддаленымі краінамі.

Беларусь імкнецца набыць статус нейтральнай дзяржавы. Знешне палітычны курс такой краіны характарызуецца няўдзелам ва ўзброеных канфліктах (войнах). Уся ядзерная зброя, якая размяшчалася раней на тэрыторыі Беларусі, была выведзена за яе межы.

Рэспубліка Беларусь першай з краін СНД падпісала Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, а таксама Парыжскую хартыю для новай Еўропы. Такім чынам наша дзяржава стала членам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (А БСЕ). Беларусь у якасці краіны-партнёра далучылася да праграмы НАТА «Партнёрства дзеля міру», у якой акрамя краін — членаў Н АТА ўдзельнічаюць 17 дзяржаў. Наша краіна зыходзіць з таго, што ні адна з дзяржаў, у тым ліку краіны НАТА, на сучасны момант не з’яўляецца для нас патэнцыяльным праціўнікам.

2. Дзейнасць Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) ўлічвае рэкамендацыі «Парадку дня на ХХІ ста годдзе». Гэты дакумент быў прыняты на канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці ў 1992 г. з удзелам прадстаўнікоў 179 краін свету. У ім прадугледжваецца праграма сусветнага супрацоўніцтва з мэтай гарманізацыі ўзаемаадносін паміж чалавекам і прыродай.

Беларусь атрымала дапамогу па лініі ААН, якая прыняла спецыяльную рэзалюцыю «Міжнароднае супрацоўніцтва ў справе змякчэння і пераадолення наступстваў аварыі на Чырнобыльскай атамнай электрастанцыі».

Разам з прадстаўнікамі 189 дзяржаў Беларусь у 2000 г. падпісала на саміце ў Нью-Ёрку Дэкларацыю тысячагоддзя. Гэта базавы дакумент, накіраваны на дасягненне да 2015 г. шэрага мэт, звязаных з паляпшэннем становішча чалавека, пераадоленнем беднасці, галечы і голаду, умацаваннем здароўя, устанаўленнем міру і забеспячэннем бяспекі, аховай навакольнага асяроддзя, абаронай правоў і дэмакратыі. У мэтах рэалізацыі Дэкларацыі тысячагоддзя ААН па ініцыятыве Беларусі прыняла ў 2010 г. Глабальны план дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі.

3. Развіццё інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй звязана з падпісаннем у 1995 г. Дагавора аб дружбе, добрасуседстве і су працоўніцтве
Беларусі і Расіі. 2 красавіка 1996 г. падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі. 2 красавіка было абвешчана Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. 2 красавіка 1997 г. быў утвораны Саюз Беларусі і Расіі, які стаў мадэллю міждзяржаўнага аб’яднання з высокай
ступенню палітычнай і эканамічнай інтэграцыі.

8 снежня 1999 г. быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, які прадугледжвае не механічнае зліццё дзвюх дзяржаў ці паглынанне адной дзяржавы другой, а іх аб’яднанне для рэалізацыі ўзаемавыгадных задач пры захаванні за Беларуссю і Расіяй статусу суб’ектаў міжнароднага права.

4. Умацаванне сувязей з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў стала прыярытэтным кірункам з сярэдзіны 1990-х гг. У 1995 г. Рэспубліка Беларусь стварыла Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам, які ў 2000 г. быў пераўтвораны ў новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўразійскае эканамічнае супольніцтва (ЕўрАзЭС) з удзелам Бе ла ру сі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана (з 2006 г.). З пачаткам дзеяння Мытнага саюза ўтвараецца агульны рынак тавараў, рабочай сілы і капіталаў з вялізнай тэрыторыяй і насельніцтвам каля 170 млн чалавек, на якім кожны тавар можа свабодна перамяшчацца паміж трыма краінамі без мытнага афармлення.

У 2011 г. прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана падпісалі Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, якая азначала паступовы пераход ад дзеючага Мытнага саюза да фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы і далей да стварэння на яе аснове ў 2015 г. Еўразійскага эканамічнага саюза. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія.

5. Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Саветам Еўропы і Еўрапейскім саюзам з’яўляецца найважнейшым напрамкам знешнепалітычнай дзейнасці. У 1997 г., пасля правядзення рэспубліканскага рэферэндуму 24 лістапада 1996 г., міністры замежных спраў краін Еўрапейскага саюза прынялі рашэнне аб «замарожванні» кантактаў з Беларуссю на палітычным узроўні. Нягледзячы на гэта, праграмы эканамічнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь прадоўжыліся. Еўрапейскі саюз з’яўляецца адным з ключавых гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі, які займае другую пазіцыю пасля Расіі.

Беларусь разам з Украінай, Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам у 2009 г. увайшла ў створанае пад эгідай Еўрасаюза аб’яднанне «Усходняе партнёрства», якое пакуль мае больш сімвалічны характар, чым практычны.

Заходні вектар знешняй палітыкі Беларусі мае перспектыву гарманізацыі адносін, звязаную з аднаўленнем узаемнага даверу і разбурэннем негатыўных стэрэатыпаў барацьбы. Рэспубліка Беларусь выступае за Еўропу без раздзяляльных меж, пабудаваную на аснове калектыўнай адказнасці за будучыню ўсяго кантынента.

3. Параўнанне пунктаў гледжання на адзін і той жа гістарычны факт

Параўнанне пунктаў гледжання на характар польска-савецкай вайны 1919—1920 гг.

1. Меркаванне кіраўніка Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскага:

«Унутраная рэвалюцыя ў нас не існавала… яе патрэбна было прынесці звонку на вастрыні штыкоў… Савецкая Расія вяла з намі вайну пад лозунгам навязвання нам, палякам, свайго, гэта значыць савецкага ладу, і такую мэту яна назвала “рэвалюцыяй звонку”. Ужо ў 1918 г., незалежна ні ад каго, я паставіў сабе за мэту… сарваць любыя спробы зноў навязаць нам чужое, не самімі палякамі ўладкаванае жыццё… У 1919 годзе гэту задачу выканаў».

2. Меркаванне Галоўнакамандуючага войскамі Чырвонай Арміі на Заходнім фронце М. Тухачэўскага:

«Няма ніякага сумнення ў тым, што, калі б мы толькі вырвалі з рук польскай буржуазіі яе шляхецкую армію, то рэвалюцыя рабочага класа ў Польшчы стала б здзейсненым фактам. А гэты пажар не застаўся б абмежаваны польскімі рамкамі. Ён разнёсся б бурным патокам па ўсёй Заходняй Еўропе. І такі вопыт звонку Чырвоная Армія не забудзе».

Кіраўнік Польшчы лічыў справядлівым аднаўленне ў 1919 г. Польскай дзяржавы ў граніцах Рэчы Паспалітай 1772 г., у тым ліку за кошт далучэння этнічнай тэрыторыі Беларусі. Ю. Пілсудскім выкарыстаны аргумент прадухілення распаўсюджвання ў Польшчы ідэй сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, для выспявання якой умоў не існавала. Гэту ідэю імкнуліся рэалізаваць на тэрыторыі Польшчы ў 1920 г. войскі Чырвонай Арміі, але гэтага ім зрабіць не ўдалося. Кіраўніцтва Савецкай Расіі, арганізуючы на першым этапе вайны абарону ад польскай інтэрвенцыі, на наступным этапе ваенных дзеянняў імкнулася да палітычнай мэты распаўсюджвання сусветнай рэвалюцыі на тэрыторыю Польшчы ваеннымі сродкамі.