Білет 18. Гісторыя Беларусі

1. Палітыка царскага ўрада ў Беларусі ў канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. Беларусь у час Айчыннай вайны 1812 г. Полацкі царкоўны сабор 1839 г.

1. Палітыка царскага ўрада на далучаных у канцы XVІІІ ст. да Расійскай імперыі беларускіх землях была накіравана на ўціхамірванне шляхты. Для гэтага ёй даваліся правы расійскага дваранства. За шляхтай пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расіі захоўваліся яе зямельныя ўладанні. Дзеля гэтага шляхта ў большасці сваёй адразу прысягнула Кацярыне II. Аднак шляхта былога ВКЛ працягвала марыць аб аднаўленні страчанай у час падзелаў Рэчы Паспалітай дзяржаўнасці.

Царскі ўрад быў вымушаны лічыцца з існуючымі асаблівасцямі прававога становішча насельніцтва далучаных зямель, таму ў судова-дзелавой сферы працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588 г. У адносінах да сялян замест падатку з кожнага двара, які існаваў раней, быў уве дзены падушны падатак з кожнай душы мужчынскага полу. Уводзілася невядомая дагэтуль рэкруцкая павіннасць, згодна з якой асоб мужчынскага полу (прадстаўнікоў сялянскага і мяшчанскага саслоўяў) сталі прызываць на 25-гадовую вайсковую службу ў расійскую армію па адным чалавеку ад пэўнай колькасці душ.

У адносінах да яўрэйскага насельніцтва ў 1794 г. вызначалася мяжа яўрэйскай аселасці, якая акрэсліла беларускія і частку ўкраінскіх губерняў. На іх тэрыторыі дазвалялася пастаяннае пражыванне асобам яўрэйскай нацыянальнасці. У сувязі з тым, што яўрэі мелі права займацца толькі гандлем і рамёствамі, яны сяліліся пераважна ў гарадах і мястэчках.

У сваёй канфесіянальнай палітыцы царскі ўрад найважнейшай умовай палітычнай стабільнасці ў заходніх губернях лічыў яднанне дзяржаўнай улады і праваслаўнага насельніцтва. Гэта прадвызначыла лёс уніяцкай царквы. У 1839 г. Полацкі царкоўны сабор абвясціў скасаванне Берасцейскай уніі 1596 г. і прыняў рашэнне аб далучэнні ўніяцкай царквы да рускай праваслаўнай. Паўтара мільёны ўніятаў у Беларусі сталі лічыць праваслаўнымі. Галоўная роля перайшла да рускага праваслаўя. Адбылася ліквідацыя ўніяцкай канфесіі (рэлігійнага кірунку).

Сітуацыя ў Беларусі была звязана з намерам расійскага імператара Аляксандра I аднавіць ВКЛ пад кіраўніцтвам Расіі, каб не дапусціць падтрымкі памешчыкамі заходніх губерняў французскага iмператара Напалеона Банапарта. Па даручэнні імператара быў падрыхтаваны праект, які атрымаў у гісторыі назву «план Агінскага». Адзін з яго стваральнікаў Міхал Клеафас Агінскі з 1802 па 1822 г. пражываў у вёсцы Залессе на Смаргоншчыне, дзе і напісаў знакаміты паланэз ля мінор, што пазней атрымаў назву «Развітанне з Радзімай». План Агінскага прадугледжваў аўтаномію — шырокае ўнутранае самакіраванне, што давалася адноўленаму ВКЛ, аднак ён так і не быў рэалізаваны.

2. Айчынная вайна 1812 г. 600-тысячная армiя французскага iмператара Напалеона Банапарта ўступiла ў чэрвенi 1812 г. у межы Расiйскай iмперыi, распачаўшы баявыя дзеяннi на тэрыторыi Беларусi. Першапачаткова французскi бок планаваў разграмiць рускiя армii ў прыгранiчных баях, спыніцца ў Вiльнi i вымусiць Расію пайсцi на заключэнне мiру. Аднак гэты план не ажыццявiўся. Разбiць рускiя армii на тэрыторыi Беларусi не ўдалося, адступіўшы, яны аб’ядналiся пад Смаленскам.

У абарончых баях пад Полацкам вызначыўся адзiн з лепшых кавалерыйскiх генералаў рускай армii Я. П. Кульнеў, атрад якога атрымаў перамогу над французскiмi войскамi. Смяротна паранены ядром, генерал загадаў перад смерцю зняць з сябе мундзiр з баявымi ўзнагародамi, каб працiўнiк не даведаўся аб такой буйной страце. Пад Магiлёвам значныя сiлы французскай армii скаваў корпус генерала М. Раеўскага. Прыкладам гераiзму для салдат стаў учынак самога генерала, якi разам з двума непаўналетнiмi сынамi падняў сваiх воiнаў у атаку.

Чатырохмесячную асаду напалеонаўскіх войскаў вытрымаў гарнізон Бабруйскай крэпасці.

Зразумеўшы, што план маланкавага разгрому рускай армii правалiўся, Напалеон схiляўся да думкi закончыць баявыя дзеяннi ў Вiцебску i пачаць мiрныя перагаворы з Аляксандрам I. Аднак французская армiя магла захаваць сваю баяздольнасць, толькi рухаючыся наперад. А напера дзе былі Барадзiнская бiтва ў жнiўні 1812 г., захоп Масквы i адступленне. Кiраваў рускай армiяй у гэты час фельдмаршал М. Кутузаў. Пад яго камандаваннем пачалося выгнанне французскiх захопнiкаў.

У час адступлення французскай армii восенню 1812 г. баявыя дзеяннi другi раз пракацiлiся па беларускай зямлi. Рашаючая бiтва адбылася каля вёскi Студзёнкi пад Барысавам. Тут у лістападзе 1812 г. пры пераправе цераз Бярэзiну на другі бераг трапіла толькi 1/10 частка «Вялiкай армii» Напалеона.

3. Становiшча Беларусi ў час Айчыннай вайны 1812 г. характарызавалася тым, што тут сутыкнулiся армii дзвюх вялiкiх дзяржаў. Польская i апалячаная шляхта спадзявалася на аднаўленне Напалеонам Рэчы Паспалiтай i ВКЛ. Шляхціцы вiталi прыход Напалеона i паступалi на службу ў яго армiю. Загадам Напалеона быў утвораны Часовы ўрад ВКЛ, якi займаўся перш за ўсё забеспячэннем французскай армii прадуктамi i кормам для жывёлы.

Войскi рускай армii былi ўкамплектаваны рэкрутамі, набранымi таксама i з беларускiх губерняў. Iх колькасць была значна большай у параўнаннi з той колькасцю жыхароў Беларусi, што знаходзiлiся ў складзе войскаў Напалеона.

У пачатку вайны сялянства Беларусi з прыходам Напалеона звязвала надзею на вызваленне з-пад прыгону, бо ў суседняй Польшчы асабiстая залежнасць сялян ад памешчы каў была iм лiквiдавана. Аднак Напалеон не пайшоў на вызваленне беларускіх сялян. А бясконцыя рэквiзiцыi (прымусовае адбіранне маёмасцi i жывёлы на карысць армii) i рабаўнiцтва выклiкалi масавае супрацiўленне сялянства, а таксама гарадскiх жыхароў. У такiх умовах у Беларусi разгарнуўся рух самаабароны. Асаблiвую актыўнасць у барацьбе з французскiмi войскамi праявiлi жыхары вёскi Жарцы, што пад Полацкам. Некаторыя з iх царскім урадам былi ўзна гароджаны крыжамi i медалямi.

Вайна 1812 г. прынесла вялікія спусташэнні Беларусі. Шмат людзей загінула, былі разбураны многія гарады і вёскі; амаль напалову скарацілася колькасць свойскай жывёлы і зменшыліся пасяўныя плошчы.

2. Развіццё навукі і адукацыі, літаратуры і мастацтва ў БССР у другой палове 1950-х — 1980-я гг.

1. Навука. Вядучая роля ў развіцці беларускай навукі належала Акадэміі навук БССР. Акадэмік М. Я. Мацапура паспяхова займаўся распрацоўкай і ўкараненнем у сельскагаспадарчую вытворчасць высокаэфектыўных тэхналогій механі заванага асваення забалочаных зямель і ўборкі бульбы.

Ураджэнцы Брэстчыны П. І. Клімук і Міншчыны У. В. Кавалёнак першымі сярод беларусаў сталі лётчыкамі-касманаўтамі СССР, двойчы Героямі Савецкага Саюза. Яны ўнеслі вялікі ўклад у асваенне космасу. Кожны з іх здзейсніў па тры касмічныя палёты. П. Клімук у час свайго трэцяга касмічнага палёту сустрэўся на арбітальнай станцыі «Салют-6» з У. Кавалёнкам, які правёў у бязважкасці ў сукупнасці 214 сутак.

Умацаванню абараназдольнасці СССР садзейнічаў адзін з галоўных стваральнікаў савецкага ядзернага шчыта ўраджэнец Мінска Я. Б. Зяльдовіч. Не маючы нават вышэйшай адукацыі, ён у 25-гадовым узросце стаў доктарам фізіка-матэматычных навук, вывучыўшы самастойна вышэйшую матэматыку. Займаўся даследаваннем гарэння пораху рэактыўных снарадаў для легендарнай «кацюшы». Стаў адным са стваральнікаў савецкай атамнай бомбы, актыўна ўдзельнічаў у стварэнні савецкай вадароднай бомбы. Стаў тройчы Героем Сацыялістычнай Працы.

Ураджэнец Віцебшчыны савецкі авіяканструктар П. В. Сухі сканст руяваў шэраг унікальных самалётаў са стрэлападобнымі і трохвугольнымі крыламі, якія сталі асновай савецкай авіяцыі, а таксама сучасных Ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь. Яму двойчы прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

2. Адукацыя. У працэсе фарміравання індустрыяльнага грамадства значную ролю адыграла развіццё адукацыі. Былі створаны сярэднія
агульнаадукацыйныя працоўныя політэхнічныя школы з вытворчым навучаннем. Працавалі школы рабочай і сельскай моладзі. Былі створаны прафесійна-тэхнічныя вучылішчы (ПТВ), якія рыхтавалі кваліфікаваных рабочых. У першай палове 1970-х гг. быў завершаны пераход да ўсе агульнай сярэдняй адукацыі.

У 1990 г. у БССР дзейнічала больш за 30 вышэйшых навучальных устаноў, у якіх налічвалася каля 188 тыс. студэнтаў. Па гэтым паказчыку з разліку на душу на сель ніц тва БССР займала адно з першых месцаў сярод савецкіх рэспублік.

3. Дзеячы беларускай літаратуры ў сваіх мастацкіх творах адлюстроўвалі тэму Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх — дылогія Алеся Адамовіча «Партызаны» і «Хатынская аповесць», дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі…» (А. Адамовіч, Я. Брыль, У. Калеснік).

Творы народнага пісьменніка БССР Васіля Быкава «Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пай сці і не вярнуцца», «Знак бяды» адлюстроўваюць звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, для якога штодзённы гераізм стаў нормай паводзін.

Адлюстраванне ваеннай рэчаіснасці пісьменнікам не заўжды супадала з афіцыйнымі адзнакамі.

Гістарычная тэматыка прадстаўлена ў раманах Івана Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань», якія склалі трылогію «Палеская хроніка», пісьменнік раскрыў лёс беларускага сялянства ў 1920—1930-я гг. на Палессі. Трылогія стала гімнам беларускаму народу і роздумам над яго гісторыяй.

Падзеяй у беларускай літаратуры гэтага часу стаў выхад шэрага твораў Уладзіміра Караткевіча. Ён планаваў напісаць трылогію, прысвечаную падзеям 1863—1864 гг., але паспеў стварыць толькі першы раман «Каласы пад сярпом тваім». Тэме паўстання 1863—1864 гг. прысвечана таксама героіка-рамантычная драма «Кастусь Каліноўскі». Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», створаная ў жанры гістарычнага дэтэктыва, апісвае падзеі 1880-х гг. у адным з куткоў Беларусі. У дэтэктыўным жанры створаны раман «Чорны замак Альшанскі»,
які адлюстроўвае непарыўную сувязь паміж гістарычным мінулым і сучаснасцю. Пачуццём любові да Радзімы і павагі да яе гісторыі напоўнены нарыс «Зямля пад белымі крыламі».

Плённа працаваў народны пісьменнік БССР Іван Шамякін. Шэраг твораў пісьменніка прысвечаны гісторыка-рэвалюцыйным падзеям: аповесць «Браняпоезд “Таварыш Ленін”», раман «Петраград — Брэст». У кнізе «Трывожнае шчасце» лёс герояў асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах, і ў цяжкіх пасляваенных умовах актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні народнай гаспадаркі. Праблемы Чарнобыля раскрыты ў рамане «Злая зорка».

4. Жывапіс. Тэма барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала вызначальнай у выяўленчым мастацтве ў творчасці мастака Міхаіла Савіцкага. Будучы ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і вязнем фашысцкіх канцлагераў, ён адлюстраваў іх жахі ў цыкле карцін «Лічбы на сэрцы», які адкрываецца аўтапартрэтам «Вязень 32815». Вобраз маці-партызанкі ўпершыню ў савецкім мастацтве створаны мастаком у цыкле «Беларусь партызанская», у прыватнасці ў карціне «Партызанская мадонна».

5. У беларускім кінематографе шырокай папулярнасцю ў гледачоў карысталіся фільмы кіна студыі «Беларусьфільм». На экранах з’явіліся вядомыя дзіцячыя гісторыка-прыгодніцкія кінастужкі «Міколкапаравоз», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Паланэз Агінскага». У кінафільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы» расказваецца пра аперацыю падпольшчыкаў па ліквідацыі фашысцкага гаўляйтара Кубэ. Вельмі папулярным стаў фільм «Белыя Росы», шматсерыйны тэлефільм «Дзяржаўная граніца». Кінамастаком з яркім нацыянальным абліччам стаў народны артыст БССР і СССР Віктар Тураў. Асноўная тэма яго карцін — дзяцінства, абпаленае вайной, напрыклад у дылогіі «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» па аднайменных раманах А. Адамовіча. Мастацкая кінастужка «Праз могілкі», знятая рэжысёрам у 1964 г., па рашэнні ЮНЕСКА праз 30 гадоў, у 1994 г., увайшла ў лік 100 лепшых фільмаў свету пра вайну. Паводле трылогіі І. Мележа «Палеская хроніка» В. Туравым створана кінаэпапея з дзвюх стужак: «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Яго карціна «Я родам з дзяцінства», створаная яшчэ ў 1966 г., была названа кінакрытыкамі ў 1995 г. лепшым фільмам за ўсю гісторыю беларускага кінематографа.

Гістарычныя падзеі сталі адной з тэм у творчасці беларускага кінарэжысёра Міхаіла Пташука. Ім зняты кінастужкі паводле твораў І. Шамякіна «Вазьму твой боль», У. Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Нягледзячы на моцнае патрабаванне з боку самых высокіх партыйных структур, рэжысёр не выразаў з фільма «Знак бяды» па творы В. Быкава сцэну раскулачвання.

6. Станаўленне песеннай творчасці ў рэспубліцы адбывалася дзякуючы вакальна-інструментальнаму ансамблю «Песняры» пад кіраўніцтвам народнага артыста БССР і СССР Уладзіміра Мулявіна. Апрацоўкі народных песень у выкананні ансамбля карысталіся шырокай папулярнасцю.

3. Суаднясенне падзеі ў гісторыі Беларусі з грамадска-гістарычным працэсам

Вызначэнне грамадска -гістарычнага працэсу, аб якім сведчыла скліканне І Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г.

Скліканне Усебеларускага з’езда адбылося ў снежні 1917 г. пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. пры ўмове прызнання прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага руху савецкай улады. Яно з’яўляецца прыкладам працэсу фарміравання беларускай дзяржаўнасці.

Дэлегаты з’езда прадстаўлялі як усе пласты беларускага насельніцтва, так і розныя палітычныя арганізацыі, якія дзейнічалі ў Беларусі. На з’ездзе разгарнулася вострая дыскусія наконт вызначэння формы беларускай дзяржаўнасці. Так, прыхільнікі Вялікай беларускай рады дабіваліся абвяшчэння Беларусі раўнапраўнай рэспублікай у складзе агульнарасійскай федэрацыі народаў і краёў. Дэлегаты ад Беларускага абласнога камітэта прапанавалі абласную аўтаномію Беларусі ў складзе Савецкай Расіі.

Удзельнікі з’езда прызналі ўсерасійскую савецкую ўладу. Аднак з’езд ігнараваў існаванне Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха), бо лічылі, што ён прадстаўляе не беларускі народ, а салдат Заходняга фронту.

Такім чынам, скліканне Усебеларускага з’езда і яго рашэнне аб утварэнні Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў як часовага органа краёвай улады сведчылі аб працэсе афармлення беларускай дзяржаўнасці, носьбітам якой з’яўляўся беларускі народ.