Білет 16. Гісторыя Беларусі

1. Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ — ХVІІІ ст.

1. Развіццё адукацыі і навукі адбывалася ва ўмовах паланізацыі, супраць чаго было накіравана навучанне ў праваслаўных школах пры брацтвах — дабрачынных і культурных аб’яднаннях гараджан. З 1697 г. дзяржаўнымі мовамі ў Рэчы Паспалітай былі абвешчаны польская і лацінская, на якія пераводзілася выкладанне ў навучальных установах. Адукацыя была даступная пера важна шляхецкім дзецям. Цэнтрам адукацыі і навукі з’яўлялася Віленская езуiцкая акадэмія (універсітэт) — былы езуіцкі калегіум.

Адбыліся змены ў школьнай адукацыі. У 1773 г. была створана Адукацыйная камісія (установа накшталт міністэрства адукацыі), якая за 20 гадоў сваёй дзейнасці адкрыла на тэрыторыі Беларусі 20 школ сярэдняй ступені і каля 200 пачатковых школ. Сярод іх навучэнцаў 30% складалі сялянскія дзеці. Сістэма адукацыі стала больш даступнай і атрымала свецкі характар. Замест лацінскай мовы ў школах уводзілася польская. Кіраўніцтва справай асветы перайшло з рук царкоўных устаноў да дзяржаўных органаў.

Сярод вядомых вучоных быў Казімір Семяновіч — аўтар кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі», якая выйшла ў 1650 г. у Амстэрдаме. Ён адным з першых стварыў праект шмат ступеньчатай ракеты і лічыцца папярэднікам тэорыі палётаў у касмічную прастору.

Галоўнай справай жыцця ўраджэнца Берасцейшчыны Казіміра Лышчынскага стаў роздум аб чалавеку і яго божым пачатку. У сваім трактаце «Аб неіснаванні бога» ён пісаў: «Чалавек — стваральнік бога, а бог — стварэнне чалавека. Такім чынам, людзі — тварцы багоў, і бог з’яўляецца не сапраўднай існасцю, а стварэннем розуму...» Ён выказваў думку таксама аб тым, што наша планета — не цэнтр сусвету, выбраны богам, а адзін з нямногіх населеных аб’ектаў. Царкоўнікі, у рукі якіх трапіў рукапіс К. Лышчынскага, запатрабавалі смяротнай кары бязбожніку. Па прыгаворы суда Рэчы Паспалітай ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры, а попелам зарадзілі гармату і стрэлілі з яе.

Пашырэнню ідэй Асветніцтва садзейнічаў праваслаўны царкоўны і грамадскі дзеяч Георгій Каніскі. Бога ён лічыў першапрычынай усяго існуючага і разам з тым паважліва адносіўся да поглядаў Каперніка і Галілея. Збіраў архіўныя крыніцы па гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі. Актыўна выступаў супраць усеўладдзя магнатаў у Рэчы Паспалітай і абараняў правы шляхты некаталіцкага веравызнання.

Значны ўклад у развіццё навукі ўнёс ураджэнец Гродзеншчыны рэктар Галоўнай школы ВКЛ (так з 1781 г. называлася Віленская езуіцкая акадэмія), вучоны-прыродазнавец і астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі. Ён вывучаў Меркурый, вызначыў дакладныя каардынаты шматлікіх населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі. Быў абраны членам-карэспандэнтам Парыжскай акадэміі навук і Лонданскага астранамічнага таварыства.

2. Развіццё літаратуры і кнігадрукавання працягвалася. Адным з найбольш значных дзеячаў беларускай i рускай культуры стаў ураджэнец Полацка, паэт, вучоны, мысліцель і асветнік Сімяон Полацкі. Ён быў настаўнікам васьмігадовага Пятра І, для якога надрукаваў «Буквар
языка славенска». Па яго ініцыятыве была створана першая ў Расіі вышэйшая навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацінская акадэмія.
Па творах Сімяона Полацкага студэнт гэтай акадэміі М. Ламаносаў упершыню пазнаёміўся з вершаскладаннем. Сімяон Полацкі стаяў ля
вытокаў першага ў Расіі тэатра, адкрытага пры царскім двары ў 1672 г., у якім частку акцёраў складалі жыхары Беларусі.

Кнігавыданнем у Амстэрдаме заняўся ўраджэнец Мсціслаўшчыны Ілья Капіевіч. Па даручэнні цара Пятра І ён падрыхтаваў і выдаў у Амстэрдаме першы дапаможнік па матэматыцы на рускай мове. Разам з запрошанымі Пятром I у Расію галандскімі друкарамі І. Капіевіч стаў стваральнікам новага грамадзянскага шрыфту, які сёння ўжываецца і ў нашым пісьме. Ён выдаў першы ў Расіі каляндар, стаў аўтарам першай у Расіі карты зорнага неба.

3. Працягвалася будаўніцтва палацава-замкавых комплексаў, сярод якіх вылучаліся замак у Гальшанах (сучасны Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці), палац Радзівілаў у Нясвіжы, Новы замак у Гродне, які стаў каралеўскай рэзідэнцыяй і месцам пася джэння соймаў Рэчы Паспалітай. У першай палове XVIII ст. склаўся своеасаблівы архітэктурны стыль — віленскае барока. Яго прыкладам стаў перабудаваны Сафійскі сабор у Полацку. У канцы XVIII ст. на змену барока прыходзіць класіцызм. Сярод помнікаў, для якіх характэрна спалучэнне элементаў гэтых стыляў, вызначаецца палацава-паркавы ансамбль Сапегаў у Ружанах.

4. У жывапісе ў канцы ХVІІІ ст. пераважалі прадстаўнікі Віленскай мастацкай школы — выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта. Сярод іх Ф. Смуглевіч. Яму належыць шэраг карцін на гістарычную тэматыку, у тым ліку прысвечаных асобе Т. Касцюшкі. Былі створаны партрэты
Міхала Казіміра Агінскага і апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

5. Тэатр. Еўрапейскую славу набыў у гэты перыяд прыгонны тэатр Міхала Казіміра Агінскага, які быў незвычайна разнастайнай і таленавітай асобай: оперным кампазітарам, музыкантам-віртуозам, паэтам. Тэатр Агінскага, які размяшчаўся ў Слоніме, быў празваны «сядзібай муз». У ім умяшчалася 2500 гледачоў, адбываліся грандыёзныя прадстаўленні на сцэне, памеры якой дазвалялі заязджаць на яе на конях, а частка сцэны ўяўляла сабой басейн для водных прадстаўленняў.

«Паўночнымі Афінамі» называлі маёнтак Залессе (сучасны Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці), што належаў Міхалу Клеафасу Агінскаму. Ён спалучаў тэатральную дзейнасць з дзяржаўнай, быў актыўным удзельнікам паўстання 1794 г., накіраванага супраць падзелаў Рэчы Паспалітай, і неўзабаве стаў аўтарам славутага паланэза «Развітанне з Радзімай».

Найбольшую вядомасць набылі прыватнаўласніцкія тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку. Папулярнымі былі творы гаспадыні Нясвіжа пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл. Яе п’есы былі ўвасабленнем стылю ракако, які тэатралізаваў побыт.

2. БССР у другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг.: характэрныя рысы грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага становішча

1. Грамадска-палітычнае становішча характарызавалася ўсеўладдзем Камуністычнай партыі Беларусі. У адпаведнасці з шостым артыкулам Канстытуцыі БССР 1978 г., яна абвяшчалася кіруючай і накіроў ваючай сілай у грамадстве, ядром палітычнай сістэмы. Першым сакратаром ЦК КПБ (фактычна кі раўніком рэспублікі) у 1965—1980 гг. быў Пётр Міронавіч Машэраў. Ён з’яўляўся адным з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. У перыяд яго дзейнасці БССР дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік СССР, а П. М. Машэраву было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

2. Прамысловае развіццё характарызавалася ростам вытворчасці прадукцыі тых галін, якія былі звязаны з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй: прыборабудавання, электроннай і радыётэхнічнай пра мысловасці. Прынцыпова новым кірункам з’явілася выкарыстанне ў вытворчасці
робататэхнікі. У БССР паказчыкі развіцця прамысловасці былі аднымі з самых высокіх у СССР.

У пачатку 1970-х гг. першым у рэспубліцы перайшло на гасразлік — метад гаспадарання, пры якім даходы, што атрымлівае прадпрыемства ад рэалізацыі сваёй прадукцыі, павінны пакрываць і перавышаць яго выдаткі на вытворчасць — Міністэрства аўтамабільнага транспарту.

У гады дзявятай пяцігодкі (1971—1975) было ўведзена ў строй больш за 90 новых буйных прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, металургічны завод у Жлобіне, шынны камбінат у Бабруйску, чацвёрты калійны камбінат у Салігорску. Развіццё новых галін вытворчасці прывяло да павелічэння колькасці гарадскога насельніцтва. Большая частка моладзі з вёсак перасялялася ў гарады, дзе ўзровень жыцця быў вышэй. Будаваліся і развіваліся новыя гарады: Наваполацк, Салігорск, Светлагорск, што сведчыла аб урбанізацыі. У 1984 г. была здадзена ў эксплуатацыю першая лінія Мінскага метрапалітэна. Адбылася электрыфікацыя асноўнай чыгуначнай лініі Брэст — Масква. Камсамол Беларусі прыняў самы актыўны ўдзел у будаўніцтве чыгуначнай Байкала-Амурскай магістралі (БАМ).

У сярэдзіне 1980-х гг. Беларусь была адной з самых эканамічна развітых рэспублік СССР. Пры гэтым эканоміка арыентавалася, як і раней, на экстэнсіўны шлях развіцця за кошт апераджальнага ўцягвання матэрыяльных і працоўных рэсурсаў пры істотным падзенні тэмпаў росту прадукцыйнасці працы.

3. Сельская гаспадарка ў БССР спецыялізавалася на развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, ільну-даўгунцу, цукровых буракоў. У рэспубліцы ў другой палове 1960-х гг. разгарнулася будаўніц тва буйных механізаваных ферм, комплексаў па адкорме
буйной рагатай жывёлы і птушкафабрык. Працягвалася меліярацыя. Было асушана каля 1 млн га зямельных плошчаў. Павялічыўся збор збожжа, узрасла прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Аднак разам з гэтым пагоршылася сітуацыя па ахове наваколля ў раёнах размяшчэння
жывёлагадоўчых комплексаў. Каля 1/3 усіх меліяраваных плошчаў аказаліся перасушанымі і малаэфектыўнымі для земляробства. Пачалася хімізацыя сельскай гаспадаркі — унясенне ў глебу штучных угнаенняў. Колькасць іх з 1965 да 1985 г. павялічылася амаль у 20 разоў. Але празмерная хімізацыя выклікала абвастрэнне экалагічных праблем.

Аднак велізарныя сродкі, якія дзяржава накіроўвала на патрэбы сельскай гаспадаркі, выкарыстоўваліся ва ўмовах адміністрацыйнакаманднай эканомікі не заўсёды мэта згодна. Дзяржава пастаянна павышала закупачныя цэны на мяса, малако, збожжа. Прадаваліся ж гэтыя прадукты па вельмі нізкім кошце, што кампенсавала даволі невялікія заробкі працоўных. Розніца паміж высокай закупачнай цаной і нізкім коштам пры продажы вяла да страт з боку дзяржавы. 

3. Характарыстыка сацыяльна-эканамічнага (знешнепалітычнага) становішча Беларусі з апорай на гістарычную карту

Характарыстыка сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі з апорай на карту «Развіццё сеткі чыгунак у Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.»

Першая чыгунка, якая ўяўляла сабой 30-кіламетровы ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай магістралі ад мястэчка Парэчча да Гродна, была пушчана ў снежні 1862 г. У 1860-я гг. былі пабудаваны РыгаАрлоўская, у 1870-я гг. — Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская (яе будынак вакзала быў узведзены ў Мінску), у 1880-я гг. — Палескія і ў 1902 г. — Пецярбургска-Адэская чыгунка. Іх даўжыня праз Беларусь склала 3000 км. Чыгуначная сетка на тэрыторыі Беларусі была адной з самых густых у Расійскай імперыі. Чыгуначнае будаўніцтва садзейнічала росту гарадоў, умацаванню гаспадарчых сувязей паміж рознымі абласцямі Беларусі і ператварэнню іх у састаўную частку агульнарасійскага і еўрапейскага рынкаў.