Білет 15. Гісторыя Беларусі

1. Культура Беларусі ў другой палове ХVІ — першай палове ХVІІ ст.

1. Кнігадрукаванне. Паслядоўнікам Ф. Скарыны ў справе кні гадрукавання стаў Сымон Будны. Ён у 1562 г. у заснаванай ім Нясвіжскай друкарні выдаў першую на тэрыторыi Беларусi друкаваную кнігу на старабеларускай літаратурнай мове пад назвай «Катэхізіс», а таксама кнігу «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Другім з паслядоўнікаў Скарыны быў Васіль Цяпінскі. Ён пераклаў і на ўласныя сродкі выдаў у 1580 г. на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах «Евангелле» з уласнай прадмовай, у якой выступаў супраць паланізацыі, развіваў ідэю служэння Радзіме.

У 1564 г. у Маскве Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі кнігу «Апостал», аднак з-за праследавання духавенства вымушаны былі пераехаць у ВКЛ. У 1588 г. у Віленскай друкарні, заснаванай П. Мсціслаўцам на сродкі беларускіх друкароў братоў Мамонічаў, быў выдадзены Статут ВКЛ 1588 г. на старабеларускай мове.

Беларускія даследчыкі вызначылі, што першая ў свеце кніга з назвай «Буквар» была выдадзена ў 1618 г. у мястэчку Еўе (сучасны літоўскі горад Вевіс). Тут жа ў 1619 г. была выдадзена граматыка Мялеція Сматрыцкага, якая на працягу XVII—XVIII стст. служыла падручнікам па царкоўнаславянскай мове для ўсяго ўсходнеславянскага насельніцтва. Дарэчы, па ёй навучаўся вялікі рускі вучоны Міхаіл Ламаносаў.

2. Архітэктура. Даўнія гістарычныя традыцыі замкавага бу даўніцтва былі выкарыстаны пры ўзвядзенні палацава-замкавага комплексу ў Міры. Узорам успрымання лепшых традыцый заходнееўрапейскай культуры стаў палацава-паркавы ансамбль Радзівілаў у Нясвіжы.

Пры будаўніцтве цэркваў і касцёлаў гэтага перыяду паступова выяўляюцца рысы архітэктурнага стылю барока, які прыйшоў з Заходняй Еўропы. Першым архітэктурным помнікам гэтага стылю з’яўляецца касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Ён пабудаваны на ўзор галоўнага храма езуiтаў Iль-Джэзу ў Рыме ў канцы XVI ст. па праекце італьянскага архітэктара Яна (Джавані) Марыі Бернардоні, які на працягу 13 гадоў працаваў у Нясвіжы.

Пашырэнне рэфармацыйнага руху ў ВКЛ знайшло сваё адлюстраванне ў будаўніцтве кальвінскіх збораў (цэркваў). Першы кальвінскі збор з друкарняй быў адкрыты ў Брэсце дзякуючы намаганням Мікалая Радзівіла Чорнага.

3. Тэатр. Найбольш яскравым прыкладам развіцця тэатра на землях Беларусі з XVI ст. стала распаўсюджанне лялечнага тэатра — батлейкі. Батлейка ўяўляла сабой скрыню з дошак у выглядзе хаткі ці царквы, унутры якой паказваліся (вадзіліся па спецыяльных гарызантальных рэйках) лялькі-персанажы з дрэва ці каляровай паперы.  

2. БССР у другой палове 1950-х гг. — першай палове 1960-х гг. Змены ў грамадска-палітычным жыцці, фарміраванне прамысловага і сельскагаспадарчага комплексаў

1. Змены ў грамадска-палітычным жыцці пачаліся пасля смерці І. В. Сталіна ў 1953 г. Спыніліся рэпрэсіі, пачаўся перагляд спраў незаконна асуджаных. Буйной падзеяй на шляху да змены ўнутрыпалітычнага курсу стаў скліканы ў 1956 г. XX з’езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. На закрытым пасяджэнні з’езда яго дэлегаты заслухалі даклад «Аб кульце асобы і яго выніках», з якім выступіў М. С. Хрушчоў, абраны ў 1953 г. Першым сакратаром ЦК КПСС. Пачалася частковая рэабілітацыя — аднаўленне добрага імя і правоў нявінна асуджаных у папярэднія гады. Пад кіраўніцтвам Першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі ў 1956—1965 гг. Кірылы Трафімавіча Мазурава ажыццяўляліся меры па пераадоленні наступстваў культу асобы.

Згодна з Канстытуцыяй Беларускай ССР 1937 г. абвяшчалася, што ўся ўлада ў БССР належыць Саветам дэпутатаў працоўных, якія складаюць палітычную аснову рэспублікі. Вышэйшым заканадаўчым органам дзяржаўнай улады быў Вярхоўны Савет БССР, які выбіраўся на 4 гады. Аднак на справе Саветы дзейнічалі пад непасрэдным кіраўніцтвам камуністычнай партыі, якой фактычна і належала ўлада. Выбары ў Саветы праводзіліся на безальтэрнатыўнай аснове. Гэта значыць, што кандыдаты, якія прапаноўваліся для вы брання, папярэдне зацвярджаліся партыйнымі органамі. Вынікі галасавання за вылучанага кандыдата на выбарах заўсёды перавышалі 99 %.

У 1955 г. быў зацверджаны Дзяржаўны гімн БССР. Яго аўтарамі сталі паэт М. Клімковіч і кампазітар Н. Сакалоўскі.

2. Фарміраванне прамысловага і сельскагаспадарчага комплексаў у БССР. Першачарговая ўвага па-ранейшаму надавалася развіццю цяжкай прамысловасці. У 1958 г. пачаўся выпуск першых кар’ерных самазвалаў на Беларускім аўтамабільным заводзе (БелАЗ) у Жодзіне. У 1960 г. упершыню ў СССР у Мінску на заводзе электронных вылічальных машын была зроблена ЭВМ «Мінск-1». У 1962 г. пачаў выпускаць прадукцыю Мінскі завод халадзільнікаў.

Быў узяты курс на развіццё хімічнай прамысловасці. Адкрыццё вялікіх запасаў калійных солей у Салігорскім раёне дазволіла разгарнуць у рэспубліцы шырокамаштабную вытворчасць мінеральных угнаенняў. Былі пабудаваны першы і другі калійныя камбінаты ў Салігорску, Гомельскі суперфасфатны і Гродзенскі азотна-тукавы заводы.

Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі аб’явіў падшэфнымі ўсе найважнейшыя новабудоўлі Беларусі. Сярод іх Салігорскі калійны камбінат, Бярозаўская і Лукомская ДРЭС, Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы, Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, прадпрыемствы хімічнай прамысловасці ў Гродне, Гомелі, Полацку. Камсамол Беларусі ўнёс значны ўклад у вырашэнне агульнасаюзнай задачы па асваенні цаліны ў Казахстане, куды выехала з Беларусі больш за 60 тыс. юнакоў і дзяўчат.

У БССР з’явіліся новыя добраўпарадкаваныя гарады: Салігорск, Наваполацк, Светлагорск, што сведчыла аб урбанізацыі — колькасным росце гарадоў і павелічэнні гарадскога насельніцтва. Асабліва хуткімі тэмпамі развівалася жыллёвае будаўніцтва. За кошт узвядзення так званых «хрушчовак» (буйнаблочнага і панэльнага будаўніцтва) за перыяд 1959—1965 гг. у БССР амаль 2,7 млн чалавек палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

У галіне сельскай гаспадаркі ўзрасла ўраджайнасць збожжавых культур, павялічылася пагалоўе жывёлы, нарыхтоўка мяса і малака. Некаторыя калгасы ператвараліся ў буйныя шматгаліновыя гаспадаркі. У іх ліку — калгас «Рассвет» Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Кіраваў ім К. П. Арлоўскі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ён быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У 1944 г. калгаснікі абралі свайго земляка старшынёй калгаса. Дзякуючы яго вялікім намаганням і ўменню арганізаваць калектыўную працу вяскоўцаў калгас выйшаў у лік вядучых у рэспубліцы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а яго кіраўнік стаў Героем Сацыялістычнай Працы.

З мэтай асушэння забалочаных зямель і павелічэння пасяўных плошчаў шырокі размах набыла на Палессі меліярацыя — прыстасаванне зямлі для сельскагаспадарчага выкарыстання. На асушаных землях арганізоўвалася вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі.

У пачатку 1960-х гг. адбылося пагаршэнне становішча ў сельскай гаспадарцы. Калгасы і саўгасы атрымлівалі ўказанні кіруючых органаў без уліку мясцовых асаблівасцей. Так, ва ўсіх раёнах БССР, незалежна ад іх прыродна-кліматычных умоў, прымушалі вырошчваць кукурузу. Механізацыя прывяла да значнага скарачэння колькасці коней, бо меркавалася, што як цяглавая сіла яны аджылі сваё і на змену ім прыйшло выкарыстанне трактара. Адмоўнымі былі адносіны да сялянскай падсобнай гаспадаркі, вядзенне якой фактычна забаранялася. 

3. Суаднясенне падзей гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі

Суаднясенне працэсу ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і знешнепалітычнай сітуацыі ў Еўропе ў канцы 1930-х гг.

У сувязі з агрэсіўным курсам нацысцкай Германіі і палітыкай прымірэння агрэсара, якую праводзілі Вялікабрытанія і Францыя ў адносінах да Германіі, у Еўропе ў 1930-я гг. склалася новая палітычная сітуацыя. У гэтых умовах 23 жніўня 1939 г. у Маскве па ініцыятыве нямецкага боку быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзе. Ён увайшоў у гісторыю пад назвай «пакта Молатава — Рыбентропа» па проз вішчах міністраў замежных спраў СССР і Германіі. Пакт дазволіў СССР выйграць пэўны час, неабходны для ўмацавання бяспекі. Дадатковыя сакрэтныя пратаколы, падпісаныя да пакта, падзялілі «сферы ўплыву» Германіі і СССР ва Усходняй Еўропе.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Гэтай падзеяй пачалася Другая сусветная вайна. Ва ўмовах наступлення германскіх войскаў па тэрыторыі Польшчы кіраўніцтвам СССР пачала праводзіцца ідэя дапамогі беларускаму і ўкраінскаму народам, якія знаходзіліся з 1921 г. у складзе Польшчы. 17 верасня 1939 г. войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу, падышлі да абумоўленай з нямецкім кіраўніцтвам мяжы і спынілі рух германскіх войскаў далей на ўсход. Адбылося ўз’яднанне заходніх беларускіх зямель з БССР.