Білет 13. Гісторыя Беларусі

1. Станаўленне фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадарання ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гарадское жыццё на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XVI — XVIII ст.

1. Станаўленне фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадарання было звязана з правядзеннем аграрнай рэформы вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста, вядомай пад назвай «валочная памера». Яна праводзілася на падставе дакумента пад назвай «Устава на валокі», прынятага ў 1557 г., і была выклікана сацыяльна-эканамічнымі прычынамі. Павелічэнне насельніцтва і развіццё гарадоў у канцы XV — XVI ст. выклікалі ў ВКЛ рост попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю. Значны рост цэн на хлеб у Заходняй Еўропе зрабіў выгадным для феадалаў вываз прадуктаў харчавання за мяжу. Каб павялічыць прыбытковасць сваіх маёнткаў, яны пачалі ствараць фальваркі — гаспадаркі з комплексам пабудоў і панскім ворывам, на якім сяляне адпрацоўвалі паншчыну, а іх прадукцыя прызначалася для продажу.

Самыя лепшыя землі адводзіліся пад дзяржаўныя і панскія фальваркі.

Станаўленне фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадарання было заснавана на выкананні сялянамі работ па апрацоўцы зямлі і зборы ўраджаю. Але зямля сялянам не належала. Магнаты і шляхта заканадаўча аформілі сваё права на валоданне зямлёй.

Каб упарадкаваць сялянскае землекарыстанне і павіннасці сялян, была ўведзена адзіная стандартная мера зямельнай плошчы — валока, роўная 21,36 га, з якой ад сялян патрабаваліся аднолькавыя падаткі і павіннасці. Сялянскія гаспадаркі атрымалі ў сярэднім адну валоку на дзве сям’і. Сярэдні сялянскі надзел складаў прыблізна паўвалокі.

Паншчына як від павіннасці за карыстанне зямельным надзелам феадала была звязана з адпрацоўкай сялянамі пэўнай колькасці дзён на тыдзень на зямлі феадала. У ХVІ ст. паншчына павялічылася з аднаго да двух дзён, а ў ХVІІ ст. складала ўжо 3—4 дні на тыдзень.

2. У першай палове ХVІІ ст. адбываецца рост гарадоў, якія сталі буйнымі гандлёва-рамеснымі і культурнымі цэнтрамі. Буйнымі гарадамі, дзе налічвалася больш за 10 тысяч жыхароў, з’яўляліся Магілёў, Полацк, Віцебск, Пінск, Мінск, Слуцк, Брэст.

Гарады і мястэчкі, якія ўяўлялі сабой дробныя населеныя пункты гарадскога тыпу, падзяляліся ў ВКЛ на дзяржаўныя (каралеўскія), прыватнаўласніцкія і царкоўныя. Прыватнаўласніцкія гарады складалі ў XVI ст. каля 40 % усіх гарадоў Беларусі. З канца ХV ст. гарады сталі атрымоўваць магдэбургскае права, ці права на самакіраванне.

3. Развіццю гандлю садзейнічала стварэнне ў сельскай гаспадарцы фальваркаў, прадукцыя якіх прызначалася для продажу. Асаблівасцю
гарадоў лічыўся торг. У буйных гарадах ён збіраўся два разы на тыдзень. У малых гарадах і мястэчках звычайна з вясны да пачатку восені ў дні рэлігійных свят праходзілі кірмашы — адна-, двухдзённыя таргі. Нясвіж, Новагародак, Орша, Шклоў, Капыль з’яўляліся цэнтрамі кірмашовага гандлю. Гандаль ажыццяўлялі купцы. Яны, як і рамеснікі, стваралі свае аб’яднанні — брацтвы ці гільдыі. Тыя з купцоў, хто займаўся замежным гандлем, называліся гасцямі. Адсюль пайшла назва буйных гандлёвых шляхоў, якія звязвалі рынкі ўсёй Рэчы Паспалітай, — гасцінцы. Яны ўяўлялі сабой дарогі, абсаджаныя з абодвух бакоў дрэвамі. «Вялікай дарогай» называлі шлях ад Смаленска да Брэста праз Оршу, Барысаў, Мінск, Нясвіж, Слонім, Ваўкавыск.

4. Развіццё рамяства. У ХVІ ст. у беларускіх гарадах, дзе ад 25 да 50 % насельніцтва займалася рамяством, узнікалі цэхі. Гэта былі арганізацыі майстроў па разнастайных спецыяльнасцях. Рамеснік, які не ўваходзіў у такую арганізацыю, не мог прадаваць сваю прадукцыю на мясцовым рынку. Каб дасягнуць высокага звання майстра, трэба было спачатку стаць вучнем, потым падмайстрам, здаць экзамен на званне майстра — вырабіць шэдэўр (арыгінальную рэч, якую называлі «штука»). Вытворцаў, якія не ўваходзілі ў цэх, называлі партачамі. Яны вымушаны былі працаваць нелегальна, за што штрафаваліся гарадскім судом.

У ХVІІІ ст. цэхавая арганізацыя прамысловай вытворчасці пачынае саступаць месца мануфактурнай вытворчасці. Мануфактурамі называлі прадпрыемствы, заснаваныя на ручной працы і яе шырокім падзеле. У адрозненне ад цэхаў на мануфактурах выкарыстоўвалася наёмная праца за пэўную плату на працягу пэўнага рабочага часу і існаваў яе падзел. Мануфактуры ўзнікалі найперш у малых гарадах і мястэчках, таму што ў буйных гарадах значную канкурэнцыю ім складалі цэхі. Першыя мануфактуры з’явіліся ў 10—30-х гг. ХVІІІ ст. Гэта Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры. Урэцкая мануфактура стала першым прадпрыемствам па вырабе люстэркаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Шырокую вядомасць мелi Слуцкая і Нясвіжская мануфактуры па вырабе шаўковых паясоў, якiя належалi Радзівілам. Ткацкая мануфактура ў Карэлічах славілася сваімі габеленамі (бязворсавымі дыванамі), на якіх адлюстроўваліся гістарычныя падзеі, а таксама абрусамі, палатном для абіўкі сцен.

2. Вызваленне БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уклад беларускага народа ў Перамогу над нацысцкай Германіяй

1. Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі восенню 1943 г. 23 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР — г. Камарын. Асенне-зімовае наступленне савецкіх войскаў прынесла вызваленне Гомелю і Мазыру. Разам з Чырвонай Арміяй у наступальных баях удзельнічалі салдаты і афіцэры 1-й Польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі. Яна была сфарміравана на тэ ры то рыі СССР па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў. Гераічны шлях дывізіі пачаўся ў кастрычніку 1943 г. у бітве каля в. Леніна (населены пункт недалёка ад г. Горкі Магілёўскай вобласці).

У 1944 г. генеральны штаб Чырвонай Арміі распрацаваў Беларускую наступальную аперацыю «Баграціён». Стратэгічная задума Вярхоўнага Галоўнакамандавання заключалася ў наступным. Войскі 1-, 2-, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, выкарыстоўваючы дапамогу партызан і мясцовых жыхароў, адначасова пераходзяць у наступленне на Віцебскім, Аршанскім і Бабруйскім напрамках і магутнымі ўдарамі разбураюць стратэгічны фронт абароны праціўніка. Затым яны акру жаюць і знішчаюць групоўкі ворага ў раёнах Віцебска і Бабруйска і наносяць удары па напрамках, якія сыходзяцца на Мінск, з мэтай акружэння і знішчэння асноўных сіл праціўніка ў так званых «катлах».

Наступленне пачалося раніцай 23 чэрвеня 1944 г. нечакана для ворага праз цяжкапраходныя балоты і лясы. Ужо на трэці дзень наступлення былі вызвалены Віцебск, а затым Орша.

Пасля вызвалення Бабруйска разгарнуліся баі на Мінскім напрамку. Танк пад камандаваннем лейтэнанта П. Рака прарваўся праз замініраваны фашыстамі мост цераз раку Бярэзіна ў горад Барысаў. Гітлераўцы ўзарвалі мост. Адрэзаныя ад асноўных сіл танкісты на працягу 17 гадзін вялі няроўны бой. Экіпаж згарэў у танку, але не здаўся ворагу. Танкістам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Летам 1944 г. вызначыліся лётчыкі французскага знішчальнага авіяпалка «Нармандыя — Нёман», які прымаў удзел у вызваленні Беларусі. Чатыры французскія лётчыкі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

3 ліпеня 1944 г. пачаліся баі за вызваленне сталіцы Беларусі — горада Мінска. У баях на вуліцах горада вызначыўся камандзір танкавага ўзвода М. І. Колычаў, які стаў Героем Савецкага Саюза. Яму ўдалося захапіць мост цераз Свіслач, па якім савецкія танкі бесперашкодна прайшлі ў цэнтр горада.

Пад Мінскам было завершана акружэнне больш як 100-тысячнай групоўкі праціўніка ў так званым «катле».

16 ліпеня 1944 г. у Мінску адбыўся партызанскі парад, прысвечаны вызваленню сталіцы. А на наступны дзень таксама быў парад, але ў Маскве. Гэта быў «парад ганьбы» тых, хто жадаў заняволіць нашу краіну. Па вуліцы Горкага прайшлі калоны нямецкіх палонных.

У ходзе далейшага наступлення савецкія войскі 28 ліпеня 1944 г. вызвалілі Брэст. Нямецка-фашысцкія захопнікі былі выгнаны з беларускай зямлі.

2. Уклад ураджэнцаў Беларусі ў Перамогу. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 1 млн 300 тыс. беларусаў. У абароне Масквы і Ленінграда ўдзельнічалі ўраджэнцы Гомельшчыны браты Лізюковы — Аляксандр, генерал-маёр, камандуючы танкавай арміяй, і Пётр, камандзір артылерыйскага дывізіёна, якія сталі Героямі Савецкага Саюза. На Ленінградскім фронце ў барацьбе з ворагам аддаў сваё жыццё ўраджэнец Магілёўшчыны Герой Савецкага Саюза снайпер Ф. Смалячкоў, які знішчыў 125 гітлераўцаў.

Назаўсёды застаўся ў памяці народа подзвіг ураджэнца Сенненшчыны Героя Савецкага Саюза А. Гараўца. Ён адзіны ў свеце лётчык, які збіў у адным баі на Курскай дузе 9 варожых самалётаў. З першых дзён вайны на фронце змагаўся лётчык Б. Коўзан, які збіў 28 самалётаў ворага і чатыры з іх — таранам. Свой першы паветраны таран ён здзейсніў у 19 год і з’яўляецца адзіным у свеце лётчыкам, які здзейсніў чатыры паветраныя тараны і застаўся ў жывых. Яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Подзвіг А. Матросава паўтарыў пры вызваленні Прыбалтыкі воінбеларус П. Купрыянаў, якому ў 1945 г. пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго маці Настасся Фамінічна Купрыянава выхавала пяць сыноў, якія ўдзельнічалі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Легендарным і вядомым на ўсіх франтах стала імя полацкай дзяўчыны медсястры З. Тусналобавай-Марчанка. За 8 месяцаў баёў яна вынесла з поля бою 128 параненых байцоў. Цудам застаўшыся ў жывых пасля ранення і абмаражэння, перанесла 8 аперацый, страціўшы рукі і ногі. Яна ўсё сваё жыццё зрабіла подзвігам: навучылася зноў хадзіць і пісаць, нарадзіла дзяцей. У 1957 г. ёй было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У знак прызнання выключных прафесійных якасцей, праяўленых пры аказанні дапамогі раненым і хворым, Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа яна была ўдастоена вышэйшай узнагароды — медаля імя Флорэнс Найтынгейл.

Шырока вядомай стала легенда пра нашага земляка Т. Лук’яновіча. Вярнуўшыся на фронт пасля трэцяга ранення, ён выратаваў пры штурме Берліна нямецкую дзяўчынку, а сам быў смяротна паранены. Яго подзвіг стаў правобразам для стварэння помніка савецкаму салдату-вызваліцелю ў Трэптаў-парку ў Берліне.

Ураджэнцы Заходняй Беларусі служылі ў Польскім корпусе генерала У. Андэрса. Корпус быў створаны ў 1941—1942 гг. на тэрыторыі СССР з польскіх грамадзян, высланых пасля 1939 г. з Заходняй Беларусі ў Сібір, па дамоўленасці паміж І. В. Сталіным і польскім эмігранцкім урадам. Корпус прымаў удзел у складзе брытанскай арміі ў баявых дзеяннях у Італіі ў бітве пры Монтэ-Касіна, якую называюць «італьянскім Сталінградам».

У французскім руху Супраціўлення ўдзельнічаў ураджэнец Магілёўшчыны лейтэнант Ф. Кажамякін. Пасмяротна ён узнагароджаны вышэйшым французскім ордэнам Ганаровага легіёна. На славацкай зямлі змагаўся з фашыстамі ўраджэнец Лепельшчыны В. Квіцінскі, які ўзначальваў партызанскую брыгаду і стаў Героем Савецкага Саюза.

Нават апынуўшыся ў фашысцкай няволі, нашы землякі працягвалі барацьбу. Паўстанне зняволеных у фашысцкім канцлагеры арганізаваў кіраўнік падпольнай арганізацыі ўраджэнец Магілёўшчыны былы савецкі разведчык Л. Маневіч. Ён быў арыштаваны яшчэ ў 1936 г., а ў 1943 г. перададзены гітлераўцам. Праз некалькі дзён пасля таго, як лагер быў захоплены зняволенымі, Л. Маневіч памёр. Гэта адбылося 11 мая 1945 г. А 9 мая 1945 г. стаў Днём Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

3. Характарыстыка ўкладу дзеяча навукі (культуры) у яе развіццё

Характарыстыка творчасці Ф. Багушэвіча

Творчасць Францішка Багушэвiча (1840—1900) лічыцца вяршыняй беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. Ужо ў 16-гадовым
узросце ён прыняў удзел у стварэннi Вiленскага музея старажытнасцей. Аўтар двух паэтычных зборнікаў: «Дудка беларуская» і «Смык
беларускі», надрукаваных у канцы ХІХ ст. пад псеўданімамі «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава». Галоўны герой твораў
паэта — беларускі селянін, якога абдзялілі зямлёй пры скасаванні прыгоннага права, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі,
але ён не скарыўся і захаваў сваю чалавечую годнасць. Ф. Багушэвіч глядзеў на беларускую мову як для нас святую, ад Бога дадзеную
і лічыў яе асновай існавання нацыі. У прадмове да «Дудкі беларускай» пісаў: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу
сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую… “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”. Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так, як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе,
а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!..»