Білет 11. Гісторыя Беларусі

1. Культура Беларусі ў ХIV — першай палове ХVІ ст. Утварэнне беларускай народнасці. Паходжанне назвы «Белая Русь»

1. Адраджэнне. У шэрагу прадстаўнікоў еўрапейскага Адраджэння годнае месца займае ўсходнеславянскі і беларускі гуманiст, першадрукар і асветнік, вучоны і пiсьменнiк, ураджэнец старажытнага Полацка Францыск Скарына (каля 1490 — каля 1551). Першапачатковую адукацыю ён атрымаў, як мяркуюць гісторыкі, у Полацку і Вільні, у 16 гадоў скончыў Кракаўскі ўніверсітэт.

Ф. Скарына двойчы стаў доктарам навук. Спачатку ў Кракаўскім універсітэце ў Польшчы ён атрымаў ступень бакалаўра — першую вучоную ступень у сярэдневяковых еўрапейскіх універсітэтах. Затым паспяхова здаў экстэрнам (без навучання) экзамен на званне доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце ў Італіі.

6 жніўня 1517 г. Ф. Скарына першым сярод усходніх славян выдаў у чэшскім горадзе Празе друкаваную кнігу «Псалтыр». Ён зрабіў пераклад Бібліі на мову, набліжаную да беларускага пісьменства і зразумелую простаму люду, і выдаў яе ў 23 кнігах. У друкарні, наладжанай ім у сталіцы ВКЛ Вільні, у 1522 і 1525 гг. ён выдаў яшчэ дзве кнігi: «Малую падарожную кніжку» і «Апостал».

Гуманізм Ф. Скарыны ўяўляў сабой сістэму поглядаў, якія найвышэйшай каштоўнасцю абвяшчалі самога чалавека і яго права на свабоднае развіццё, лічылі яго не «рабом божым», а творцам. Усе прадмовы i пасля слоўi ў Бiблii Ф. Скарыны, дзе ён раскрывае глыбокi сэнс бiблейскiх паданняў, прасякнуты клопатам аб разумным упарадкаваннi грамадства, выхаваннi чалавека, усталяваннi дастойнага жыцця на Зямлi.

Гуманiст Ф. Скарына пакінуў маральны запавет у наступных радках: «Закон прироженый в том наболей соблюдаем бывает: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным всем, чего сам не хощеши от иных имети...» Ф. Скарына стаў пачынальнікам новага разумення патрыятызму як любові і павагі да сваёй Бацькаўшчыны. «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Важнае месца ў літаратуры займае выхадзец з беларускай зямлі, прадстаўнік лацінамоўнай паэзіі Мікола Гусоўскі. Знаходзячыся ў Рыме, па просьбе папы рымскага ён стварыў на лацінскай мове сапраўдны «гімн Бацькаўшчыне» — сваю славутую паэму «Песня пра зубра», дзе апісваліся сцэны палявання на зуброў у Белавежскай пушчы, а таксама ўслаўляўся час праўлення вялікага князя літоўскага Вітаўта. Паэма была выдадзена ў 1523 г. у Кракаве.

2. Архітэктура. Барацьба са знешняй пагрозай актывізавала абарончае будаўніцтва. У першай палове XIV ст. былі пабудаваны замкі ў Лідзе i Крэве. Значным помнiкам абарончай архiтэктуры стаў Гродзенскi замак. У замкавым будаўніцтве пераважаў раманскі стыль, што надавала збудаванням масіўнасць і суровы выгляд.

У культавым будаўнiцтве яскравым узорам гатычнага стылю лічыцца абарончы храм — Троiцкi касцёл у в. Iшкалдзь (Баранавiцкi раён), узведзены ў 1472 г. У в. Сынкавiчы (Зэльвенскi раён) у канцы XV — пачатку XVI ст. была ўзведзена царква-крэпасць, якая выконвала ролю замка.

3. Жывапiс. Прыкладамi жывапiсу XIV — пачатку XVI ст. з’яўляюцца фрэскi — роспiс вадзянымi фарбамi па свежай тынкоўцы. Беларускiя жывапiсцы стварылi ў гэты час шмат абразоў. У першай палове XVI ст. пачынае пашырацца партрэтны жанр. У творах жывапісу знайшлі адлюстраванне вобразы прадстаўнікоў знакамітых магнацкіх родаў. Да ліку так званых сармацкіх (рыцарскiх) партрэтаў належыць партрэт Юрыя Радзівіла ў рыцарскіх даспехах, якога за вялiкi рост i фiзiчную моц празвалі «літоўскім Геркулесам». Назва сармацкага партрэта ўзнікла з-за таго, што шляхта выводзіла сваё паходжанне быццам бы ад старажытных сарматаў, якія калісьці насялялі іх землі.

4. Фарміраванне беларускай народнасці адбывалася з канца ХІІІ ст. па XVI ст. Народнасць — гэта супольнасць людзей, якая склалася
гістарычна і характарызуецца адзінствам паходжання, адзінай мовай, тэрыторыяй, псіхічным складам, этнічнай самасвядомасцю. Фарміраванню беларускай народнасці садзейнічала аб’яднанне беларускіх зямель у складзе адзінай дзяржавы — ВКЛ.

Прыкметай фарміравання народнасці стала складванне ў XIV—XVI стст. асаблівасцей беларускай мовы на аснове сярэднебеларускай (мінска-маладзечанскай) групы гаворак. Сярод гукавых змяненняў асабліва прыкметным стала «дзеканне», «цеканне», цвёрдае вымаўленне гука «р», «аканне» і «яканне». Старабеларуская мова атрымала дзяржаўны статус мовы афіцыйнага справаводства ў ВКЛ.

Аб фарміраванні беларускай народнасці сведчыла ўжыванне насельніцтвам саманазваў. Назвы «русіны» і «беларусцы» больш датычыліся тэрыторыі Падзвіння і Падняпроўя, «ліцвіны» — тэрыторыі Верхняга Панямоння (цяперашняй Гродзенскай вобласці), больш позняя назва «палешукі» — Палесся (тэрыторыя сучасных Брэсцкай і Гомельскай абласцей). Такія назвы з’яўляліся элементамі этнічнай самасвядомасці беларускага народа.

5. Паходжанне назвы «Белая Русь». У сучасных гiсторыкаў iснуюць розныя версii. Адны звязваюць назву са стараной свету: белы колер абазначаў усход, другiя — з тым, што насельнiцтва Беларусi насiла белае палатнянае адзенне, мела светлыя валасы, белы колер твару, трэцiя — з рэлігійным становішчам: белая — значыць праваслаўная, «чыстая», у адрозненне ад язычнiцтва («паганства»), чацвёртыя — са
знешнепалiтычнымi абставiнамi: частка тэрыторыi Беларусi, якая не была захоплена нi крыжакамi, нi татарамi, заставалася вольнай, свабоднай. Так, адна з гістарычных крыніц пад 1382 г. называе Полацк крэпасцю Белай Русі. Больш верагоднай з’яўляецца думка, што назва
«Белая Русь» азначала своеасаблiвае «прывiлеяванае» становiшча некаторых усходнiх зямель Беларусi (Полацкай i Вiцебскай) у складзе ВКЛ. 

2. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Палітыка генацыду

1. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўводзілі «новы парадак», які быў накіраваны на ліквідацыю савецкага ладу, эксплуатацыю нацыянальных багаццяў і рэсурсаў Беларусі, прыгнёт і знішчэнне лю дзей. Ідэй най асновай такога парадку стала чалавеканенавісніцкая «расавая тэорыя» нацыстаў. Згодна з ёй сцвярджалася перавага арыйскай расы над усімі іншымі народамі, неабходнасць пашырэння «жыццёвай прасторы» для немцаў і іх «права» на сусветнае панаванне.

Адносіны акупантаў да беларусаў былі вызначаны ў плане «Ост», згодна з якім прадугледжвалася 75% беларускага насельніцтва выселіць з іх тэрыторый, а астатнія 25% анямечыць. На кожнага чалавека «вышэйшай германскай расы» планавалася пакінуць па два прадстаўнікі «ніжэйшай расы».

За час акупацыі захопнікі правялі ў Беларусі больш за 140 карных экспедыцый. Пасля іх цэлыя раёны ператварыліся ў «зоны пустыні». 22 сакавіка 1943 г. па загадзе фашыстаў былі спалены жывымі ўсе жыхары вёскі Хатынь, паблізу Лагойска. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей, самаму малодшаму з якіх было сем тыдняў. Назва «Хатынь» стала сімвалам трагедыі беларускага народа ў гады вайны. Трагічны лёс Хатыні, спаленай разам з жыхарамі, падзялілі 627 вёсак, з якіх 186 так і не былі адноўлены пасля вайны.

2. Палітыка генацыду была галоўным сродкам ажыццяўлення мэт акупантаў. Яна была накіравана на поўнае ці частковае знішчэнне груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, этнічных, палітычных альбо рэлігійных прыкметах. Можна было стаць ахвярай генацыду па розных матывах: за прыналежнасць да камуністаў або яўрэяў, за любую непаслухмянасць акупацыйным уладам або з-за адрознення па расавай прыкмеце.

Яўрэйскае насельніцтва Беларусі зганялася ў спецыяльныя месцы пражывання — гета, якіх было створана звыш 110. Для абазначэння генацыду ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва Еўропы выкарыстоўваецца паняцце Халакост (ад грэч. — спаленне, знішчэнне агнём). Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны ахвярамі Халакосту ў Беларусі сталі звыш 600 тыс. яўрэяў. Асоб неяўрэйскага пахо джання, якія ў час Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў ратавалі яўрэяў, называюць Праведнікамі народаў свету. У Рэспубліцы Беларусь іх налічваецца больш за 700 (па стане на 1 студзеня 2013 г.).

У Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці. Адзін з іх — Трасцянец — у сістэме лагераў фашысцкай Германіі займае сумнае чацвёртае месца пасля Асвенцыма (Аўшвіца), Майданека і Трэблінкі па колькасці знішчаных — 206 500 чалавек.

Падчас акупацыі з Беларусі на прымусовую працу ў Германію і захопленыя ёю краіны было вывезена амаль 385 тыс. чалавек, у асноўным моладзі, і найбольш дзеяздольнае насельніцтва, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. У Германіі такіх лю дзей называлі «остарбайтарамі» — усходнімі рабочымі. 

3. Адлюстраванне падзей гісторыі Беларусі ў творах беларускай літаратуры

Характарыстыка гістарычнай тэматыкі ў вершы М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»

Ад родных нiў, ад роднай хаты
У панскi двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгiя часiны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокiя тканiны
На лад персiдскi ткуць яны.
…Цямнее край зубчаты бора...
I тчэ, забыўшыся, рука
Замiж персiдскага узора
Цвяток радзiмы васiлька.

Верш напісаны М. Багдановічам на працягу 1909—1912 гг. і адлюстроўвае гісторыю стварэння слуцкіх паясоў, якія сталі ўнікальнай мастацкай з’явай на тэрыторыі Беларусі ў ХVIII ст. дзякуючы дзейнасці Радзівілаў. Дарагія паясы для шляхты першапачаткова прывозілі з усходніх краін, у тым ліку з Персіі. Першая мануфактура па вырабе паясоў (персіярня) узнікла ў Нясвіжы, а затым была перанесена ў Слуцк. Тут быў распрацаваны новы тып пояса — слуцкі, які меў свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, у тым ліку адлюстроўваў цвяток васiлька. Літаратуразнаўцы называюць згадку аб слуцкіх ткачыхах «геніяльнай памылкай» паэта. Ткацтвам паясоў займаліся мужчыны, бо праца з’яўлялася фізічна цяжкай.