Білет 10. Гісторыя Беларусі

1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у XIV — сярэдзіне XVI ст.

1. Сацыяльная структура насельніцтва беларускіх зямель уключала ў сябе саслоўі — грамадскія групы людзей, якія мелі пэўныя правы і абавязкі, атрыманыя ў спадчыну. Асноўныя саслоўі складалі шляхта, духавенства, мяшчане, сяляне. Да ліку прывілеяваных саслоўяў адносіліся шляхта і духавенства, да непрывілеяваных (простых) — мяшчане і сяляне.

Вядучым і пануючым саслоўем у ВКЛ з’яўляліся феадалы-землеўласнікі, у лік якіх уваходзіла шляхта. Шляхта вяла сваё паходжанне ад баярства — ваеннаслужачай групоўкі насельніцтва. Менавіта на іх абапіраліся вялікія князі літоўскія пры правядзенні ўнутранай і знешняй палітыкі. Шляхецкае званне перадавалася нашчадкам, але яго можна было страціць, напрыклад, калі шляхціц пачынаў займацца рамяством і гандлем. Шляхта мела выключнае права на валоданне зямлёй і права вяршыць суд над сваімі залежнымі сялянамі. Сярод феадалаў вылучаліся буйныя землеўласнікі, якіх называлі панамі (сучасныя гісторыкі называюць іх магнатамі).

Самую вялікую частку насельніцтва ВКЛ складалі сяляне, якія ў XIV—XV стст. з землеўласнікаў сталі землекарыстальнікамі. Сяляне падзяліліся на пахожых (вольных) — тых, што мелі права свабодна пераходзіць ад аднаго феадала да другога, і непахожых (прыгонных) людзей — тых, каму такі пераход забараняўся.

За карыстанне зямлёй феадала сяляне павінны былі выконваць паншчыну — адпрацоўку пэўнай колькасці дзён на зямлі феадала са сваёй жывёлай і прыладамі працы. Такіх сялян называлі цяглымі. Сялян, якія аддавалі дзякла — натуральную даніну сельскагаспадарчымі прадуктамі за карыстанне зямлёй феадала, называлі даннікамі. З XV ст. быў уведзены чынш, гэта значыць грашовы падатак за карыстанне зямельным надзелам. Сяляне, якія плацілі чынш, атрымалі назву асадных (чыншавых).

2. Запрыгоньванне сялян. Вялікім князем літоўскім Казімірам у 1447 г. быў выдадзены прывілей. Згодна з ім феадалы забяспечваліся, у адрозненне ад сялян, валоданнем зямлёй на правах поўнай уласнасці. Феадалы атрымалі права на суд над залежным ад іх насельніцтвам. Ім забаранялася прымаць збеглых сялян. Такім чынам адбылося юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялян, гэта значыць страты імі свайго права ўласнасці на зямлю і ператварэння ў залежных ад феадала.

Наступным этапам запрыгоньвання сялянства стала выданне ў 1468 г. Судзебніка Казіміра — першага зборніка законаў ВКЛ. Згодна з гэтым дакументам сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога, гэта значыць прымацоўваліся да зямлі, на якой жылі і якую апрацоўвалі. У Судзебніку прадугледжвалася пакаранне за дапамогу пры ўцёках залежных ад феадала людзей.

Далейшыя этапы запрыгоньвання сялянства былі юрыдычна замацаваны ў Статутах ВКЛ. Статут ВКЛ 1529 г. увёў 10-гадовы тэрмін даўніны — перыяд, пасля якога селянін, пражыўшы на зямлі феадала, станавіўся непахожым. Статут устанавіў магчымасць пераходу селяніна ад аднаго феадала да другога толькі на працягу тыдня да Юр’ева дня, які прыпадаў на канец лістапада, і тыдня пасля яго з абавязковай выплатай пэўнай сумы грошай. Статут ВКЛ 1566 г. увёў тэрмін пошуку збеглых сялян, які першапачаткова складаў 10 гадоў, і адміністрацыйныя пакаранні тым, хто іх схаваў. Статут ВКЛ 1588 г. павялічыў тэрмін пошуку збеглых сялян да 20 гадоў і суму грошай, якія абавязкова выплачваліся сялянамі пры пераходзе ад аднаго феадала да другога.

3. Рост гарадоў і гарадскога насельніцтва адбываецца ў XIV—XVI стст. Самымі буйнымі лічыліся Берасце, Полацк, Гродна, Мінск, Навагрудак, Слонім і інш. Да сярэдніх гарадоў адносіліся пасяленні з 2—3 тысячамі жыхароў. Найбольш хутка павялічвалася колькасць мястэчак — паселішчаў гарадскога тыпу. Карэнных жыхароў горада, незалежных ад феадала, называлі мяшчанамі.

Неабходнасць абароны ад ворагаў абумовіла будаўніцтва ў XIV ст. каменных замкаў у Лідзе і Крэве, а затым у Гродне, Навагрудку, Нясвіжы, Міры. Аднак у XV ст. цэнтрам горада становіцца не замак, а гандлёвая плошча, вакол якой складваліся новыя пасады — паселішчы рамеснікаў і гандляроў.

Галоўным заняткам гарадскога насельніцтва з’яўля лася рамяство. У гарадах працавалі кавалі, ювеліры (залатары), ганчары, гарбары (выраблялі скуры), шаўцы, цесляры, збройнікі, рымары (рабілі вупраж), кацельшчыкі, півавары і інш. Гарадскія рамеснікі аб’ядноўваліся ў цэхі. Гэта былі арганізацыі майстроў з мэтай пера адолення канкурэнцыі паміж рамеснікамі і недапушчэння на гарадскі рынак вырабаў іншагародніх і іншаземных вытворцаў. Першы ўспамін аб цэхах у Мінску ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1552 г. Цэхавая арганізацыя складалася, як правіла, з уладальнікаў майстэрань — майстроў. Яны наймалі вучняў. Каб стаць майстрам, вучань павінен быў стаць падмайстрам і здаць экзамен — вырабіць «штуку» — узорны выраб.

Разам з рамёствамі развіваўся гандаль. З развіццём гарадоў ён мяняў сваю форму: ажыццяўляўся пераход ад звычайнага абмену да продажу. Пашыраецца колькасць рынкаў — таргоў, дзе сельскія жыхары, якім былі патрэбны вырабы гарадскіх майстроў, маглі прадаць сваю сельскагаспадарчую прадукцыю, у тым ліку прадукты харчавання.

Каля 40 % усіх гарадоў былі прыватнаўласніцкімі, гэта значыць знаходзіліся ў прыватнай уласнасці феадалаў. Насельніцтва прыватных гарадоў імкнулася пазбавіцца ад феадальнай залежнасці. Гэта праяўлялася ў барацьбе жыхароў за пашырэнне сваіх правоў. З канца XIV ст. вялікія князі, улічваючы імкненні гарадскіх жыхароў, сваімі граматамі сталі дараваць гарадам магдэбургскае права, або права на самакіраванне. Яго назва паходзіць ад назвы нямецкага горада Магдэбурга, які першы ў гісторыі ў ХІІІ ст. атрымаў такое права. Паводле гэтага права гара джане вызваляліся ад феадальнай залежнасці і стваралі свой орган улады — магістрат і суд, а рамеснікі — свае рамесныя аб’яднанні.

Магістрат з’яўляўся выбарным органам гарадскога самакіравання. Ён складаўся з гарадской рады, якую выбіралі самі гараджане, і лавы — органа па судовых справах (назва «лава» ўзнікла ад таго, што абвінавачаных садзілі ў час за слухоўвання справы на звычайную лаву). Органы самакіравання ўзначальвалі адпаведна бурмістр і войт. Для магістрата ў гарадах пазней пачалі ўзводзіцца спецыяльныя будынкі — ратушы з гарадской вежай і гадзіннікам на ёй.

Першым з гарадоў ВКЛ магдэбургскае права атрымаў у 1387 г. горад Вільня. Першым вольным горадам на сучаснай тэрыторыі Беларусі стала ў 1390 г. Берасце (сучасны Брэст). Самы старажытны горад Беларусі Полацк набыў магдэбургскае права ў 1498 г. Мінск — сучасная сталіца Беларусі — атрымаў права на самакіраванне ў 1499 г.

2. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа. 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая Германія вераломна напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна савецкага народа, якая стала састаўной часткай Другой сусветнай вайны. У абарончых баях у Беларусі за тыдзень баёў каля батальёна гітлераўцаў знішчылі байцы пагранічнай заставы лейтэнанта А. Кіжаватава, што знаходзілася ў Брэсцкай крэпасці. Гарнізон крэпасці пра трымаўся каля месяца, хоць нямецкае камандаванне планавала ўзяць крэпасць да сярэдзіны дня 22 чэрвеня. Апошнія дні абароны крэпасці ў 20-х чыслах ліпеня авеяны легендамі. На яе сценах абаронцамі былі зроблены надпісы: «Умрем, но из крепости не уйдем!», «Я умираю, но не сдаюсь! Прощай, Родина».

Каля Радашковічаў здзейсніў гераічны подзвіг камандзір эскадрыллі капітан М. Ф. Гастэла. Са згоды экіпажа камандзір накіраваў палаючы самалёт на групу нямецкіх танкаў і аўтамашын, пасмяротна ён удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У 1996 г. званне Героя Расійскай Федэрацыі было прысвоена камандзіру эскадрыллі А. С. Маславу, які разам са сваім экіпажам здзейсніў у абарончых баях у Беларусі такі ж подзвіг, як і М. Ф. Гастэла.

У абароне Мінска прымала ўдзел 100-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра І. М. Русіянава, якая праз два месяцы стала першай гвардзейскай у Чырвонай Арміі. Абаронцы сталіцы ўпершыню ў гады вайны выкарысталі так званую «шкляную артылерыю». Гэта бутэлькі з гаручай сумессю для барацьбы з танкамі. Іх празвалі «кактэйлем Молатава». Ня гледзячы на ўпартае супраціўленне, ужо на шосты дзень вайны фашысты захапілі Мінск.

Надзвычай напружаны характар насілі баі ў раёне Магілёва. Абарона горада працягвалася 23 дні. У ліку адважных абаронцаў вызначыўся стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка С. Ф. Куцепава. Толькі за адзін дзень баёў яго байцы знішчылі 39 фашысцкіх танкаў.

Пад Оршай нечаканы ўдар нанесла ворагу батарэя рэактыўных мінамётаў («кацюш»), якой камандаваў капітан І. А. Флёраў. Апынуўшыся ў акружэнні, батарэя здзейсніла больш як 100-кіла метровы марш па варожых тылах. Па загадзе камандзіра артылерысты ўзарвалі сакрэтную на той час баявую тэхніку, каб яна не дасталася ворагу, а самі з боем выйшлі з акружэння. У 1995 г. гераічна загінуўшаму І. А. Флёраву было пасмяротна прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі.

Абарончыя баі Чырвонай Арміі на тэрыторыі БССР сталі важнай умовай зрыву плана «маланкавай вайны», разгрому гітлераўскіх войскаў у бітве пад Масквой у снежні 1941 г.

3. Параўнальная характарыстыка падзей гісторыі Беларусі па прапанаваных прыкметах

Параўнанне сацыяльна-эканамічнага развіцця Савецкай Беларусі і анексіраванай Польшчай Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг.

Характарыстыка індустрыяльнага развіцця звязана з правядзеннем паскоранай індустрыялізацыі ў БССР і пераўтварэннем Заходняй Беларусі ў аграрны прыдатак прамысловых раёнаў Польшчы, рынак збыту прадукцыі, крыніцу таннай сыравіны і рабочай сілы.

У сельскай гаспадарцы ў БССР ажыццяўлялася палітыка суцэльнай калектывізацыі, якая абумовіла перавод сялянскай гаспадаркі з індывідуальнай у калектыўную. Разам з тым парушаліся прынцыпы добраахвотнасці і паступовасці ў стварэнні калгасаў і правядзенні раскулачвання, што прывяло да дэфармацыі законнасці і страты эканамічнага эфекту. У Заходняй Беларусі больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай ва ўмовах, калі амаль палова зямельнага фонду належала буйным памешчыкам, якія складалі менш за 1% жыхароў сельскай мясцовасці, а польскімі ўладамі праводзілася палітыка насаджэння асаднікаў (польскіх каланістаў) і эксплуатацыі сялян-беднякоў, якія складалі каля 70% сельскага насельніцтва.