Білет 9. Гісторыя Беларусі

1. Барацьба за вялікае княжанне і змены ў дзяржаўным ладзе Вялікага Княства Літоўскага ў ХV — першай палове ХVІ ст.

1. Барацьба за вялікае княжанне вялася паміж вялікім князем Вітаўтам, які дабіваўся самастойнасці ВКЛ ад Польшчы, і польскім каралём Ягайлам. Ягайлу цяжка было адначасова трымаць уладу ў Польскім каралеўстве і захоўваць яе за сабой у ВКЛ. Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачалася між усобная барацьба, якая завяршылася заключэннем у 1392 г. Востраўскага пагаднення аб уладзе ў княстве. Ягайла перадаваў яе ў ВКЛ Вітаўту, які стаў вялікім князем літоўскім у 1401—1430 гг. Затым на з’ездзе феадалаў Польшчы і ВКЛ, які адбыўся ў 1413 г. у замку Гародлі (на рацэ Заходні Буг), была падпісана Гарадзельская унія — саюз памiж ВКЛ i Польшчай. Унія пацвердзіла аб’яднанне ВКЛ з Польскім каралеўствам, але ў адрозненне ад Крэўскай уніі 1385 г. улада ў ВКЛ стала практычна належаць Вітаўту.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем літоўскім у 1430—1432 гг. быў малодшы сын Альгерда Свідрыгайла. Яго галоўнай апорай былі феадалы праваслаўнага веравызнання. Ён прыцягваў іх да дзяржаўнага кіравання, раздаваў ім замкі і пасады. Гэта выклікала нездавальненне феадалаў ВКЛ, якіх падтрымалі буйныя польскія землеўласнікі. Дамовіўшыся паміж сабой, яны абвясцілі ў 1432—1440 гг. вялікім князем Жыгі мон та Кейстутавіча. Адбыўся часовы раскол ВКЛ. Гэта прывяло ў 1432—1439 гг. да грамадзянскай вайны за ўладу паміж прыхільнікамі Свідрыгайлы і Жыгімонта. У час вайны 1 верасня 1435 г. адбылася вельмі жорсткая Віль ка мір ская бітва, у якой войска Свідрыгайлы было разбіта. Вайна скончылася перамогай Жыгімонта, які стаў вялікім князем. У 1434 г. ён выдаў прывілей, у якім абвяшчаў раўнапраўе праваслаўных і каталіцкіх феадалаў у межах ВКЛ.

2. Дзяржаўны лад ВКЛ у пачатку XV ст. пры Вітаўту ўяўляў сабой неабмежаваную манар хію — уладу аднаго кіраўніка ў дзяржаве. У час княжання Казіміра (1440—1492) і яго сына Аляксандра Казіміравіча (1492—1506) улада вялікага князя была абмежавана радай — спачатку толькі дарадчым, а потым заканадаўчым і распарадчым органам дзяржаўнай улады ў ВКЛ. Рада паступова набыла назву «паны-рада». У яе склад уваходзілі найбуйнейшыя феадалыземлеўласнікі, якіх з канца XIV ст. называлі панамі, і вышэйшыя службовыя асобы. Сярод іх канцлер — кіраўнік велікакняжацкай канцылярыі, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі; маршалак — старшыня на пасяджэннях рады; падскарбі — загадчык дзяржаўнага скарбу (фінансаў); гетман — начальнік войска і іншыя дзяржаўныя чыноўнікі. Паны займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады, вырашалі пытанні дзяржаўнага кіравання. Паны-рада адасобіліся ў самастойны ад вялікага князя орган улады.

У пачатку XVІ ст. канчаткова аформіўся вышэйшы орган дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ — вальны (агульны) сойм — з’езд шляхты ВКЛ. На яго пасяджэннях, акрамя паны-рады i службовых асоб, маглі прысутнічаць усе феадалы ВКЛ, а пазней — па два дэпутаты ад кожнага павета. На соймах вырашаліся пытанні аб вайне і міры, аб падатках і законах, аб выбранні вялікага князя. Такім чынам, ВКЛ у канцы XV — пачатку XVІ ст. паступова ператвараецца ў саслоўнапрадстаўнічую манархію.

ХVІ ст. увайшло ў гісторыю як «залаты век» ВКЛ, што было звязана з кіраваннем вялікага князя Жыгімонта І Старога з 1506 па 1548 г. Пры ім быў прыняты першы звод феадальнага права — Статут ВКЛ 1529 г. Жыгімонт шукаў паразумення з рознымі групоўкамі феадалаў і імкнуўся да ўраўнавання правоў шляхты і магнатаў, праваслаўнай і каталіцкай знаці. З 1563 г. вышэйшыя пасады ў ВКЛ маглі займаць прадстаўнікі як каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання.

2. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР ва ўмовах пачатку Другой сусветнай вайны

1. Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 г., калі Германія напала на Польшчу. Ва ўмовах наступлення германскіх войскаў на тэрыторыі Польшчы кіраўніцтвам СССР пачала ажыццяўляцца ідэя тэрміновай дапамогі беларускаму і ўкраін скаму народам, якія ў хуткім часе маглі апынуцца пад нямецкай акупацыяй. Германскімі вайскамі былі заняты некаторыя населеныя пункты, у тым ліку Брэст. Раніцай 17 верасня 1939 г. войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. Пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Асноўная частка на сель ніц тва Заходняй Бе ла ру сі — сяляне, рабочыя, рамеснікі, інтэлігенцыя — сустракалі Чырвоную Армію як вызваліцельніцу, нярэдка з кветкамі ў руках і хлебам-соллю. Мясцовае насельніцтва звязвала з прыходам Чырвонай Арміі надзеі на спыненне вайны і вяртанне дадому мабілізаваных у польскую армію жыхароў Заходняй Беларусі.

Да 25 верасня савецкія войскі поўнасцю занялі Заходнюю Беларусь. Яны спыніліся на лініі Гродна — Ломжа — Брэст (у межах Беларусі). Гэтая мяжа і была замацавана Дагаворам аб дружбе і граніцы ад 28 верасня 1939 г. паміж Савецкім Саюзам і Германіяй. Да заходнебеларускіх этнічных зямель былі далучаны заходнія паветы Беластоцкага ваяводства з пераважна польскім насельніцтвам.

2. Усталяванне савецкай улады пачалося пасля ўваходжання Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Прайшлі выбары ў Народны сход За ходняй Беларусі, які адбыўся 28—30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. Народны сход прыняў Дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Дзейнасць усіх партый, за выключэннем камуністычнай, была забаронена. Дзень 17 верасня аб’яўлены днём вызвалення працоўных Беларусі ад прыгнету буржуазіі і памешчыкаў. Былі прыняты рашэнні аб канфіскацыі (прымусовым і дармовым адабранні ва ўласнасць дзяржавы) памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці (перадачы іх з прыватнай уласнасці ў дзяржаўную). Народны сход прыняў рэзалюцыю «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР». Яго дэпутаты звярнуліся ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і ўз’яднанні яе з БССР. 2 лістапада 1939 г. гэта просьба была задаволена Вярхоўным Саветам СССР, а 14 лістапада 1939 г. — Вярхоўным Саветам БССР.

У выніку ўз’яднання з Заходняй Беларуссю тэрыторыя БССР павялічылася са 125,5 тыс. км2 да 225,7 тыс. км2, а насельніцтва вырасла прыкладна ў два разы і ў канцы 1940 г. склала больш за 10 млн чалавек. На далучанай тэрыторыі былі ўтвораны Баранавіцкая, Брэсцкая, Беластоцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Па ініцыятыве І. Сталіна 10 кастрычніка 1939 г. было прынята рашэнне аб перадачы Вільні і Віленскага краю Літве. 

3. Характарыстыка дзейнасці гістарычнай асобы

Характарыстыка дзейнасці П. М. Машэрава

Заслужаны аўтарытэт сярод беларусаў мае ўраджэнец Віцебшчыны партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР Пётр Міронавіч Машэраў. Яго маладосць прыйшлася на 1930-я гг., калі падчас ста лінскіх рэпрэсій беспадстаўна быў арыштаваны яго бацька. У гады Вялікай Айчыннай
вайны П. М. Машэраў стаў адным з арга ні за тараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі. У 1942 г. акупантамі
была ўзята ў заложнікі і расстраляна яго маці. Сам ён двойчы быў паранены ў баях. У 26 гадоў стаў Героем Савецкага Саюза. Прайшоў
працоўны шлях ад настаў ні ка сярэдняй школы да Першага сакратара Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі ў 1965—1980 гг.
Герой Сацыялістычнай Працы. П. М. Машэраў карыстаўся вялікай павагай сярод насельніцтва за прастату ў абыходжанні, даступнасць,
дэмакратычнасць, атрымаў імідж рэфарматара ў гады брэжнеўскай стагнацыі. Імкнуўся адстойваць сваю пазіцыю па пытаннях развіцця рэспублікі і дабрабыту яе жыхароў. У перыяд яго дзейнасці БССР дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік СССР.