Білет 8. Гісторыя Беларусі

1. Крэўская унія і яе ўплыў на становішча беларускіх зямель. Грунвальдская бітва

1. Прычыны збліжэння Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы выспяваюць з канца ХІV ст. Дзяржаўна-прававы саюз, або унія, быў выгадны абодвум бакам, бо дазваляў ім супрацьстаяць знешняй агрэсіі і садзейнічаў развіццю эканамічных і культурных сувязей. Галоўная пагроза ішла ад Тэўтонскага ордэна, які праводзіў захопніцкую і каланізатарскую палітыку. Асабліва ўзрасло нямецкае засілле ў Польшчы. Тым больш што самой Польшчы таксама патрабавалася моцная каралеўская ўлада. Таму польская шляхта вырашыла шукаць саюзу з ВКЛ. У ВКЛ пасля смерці Альгерда вялікім князем у 1377—1392 гг. быў Ягайла. Ён імкнуўся замацаваць сваю велікакняжацкую ўладу ў ВКЛ і разлічваў на падтрымку з боку Польскага каралеўства.

2. Крэўская унія — пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ i Польскага каралеўства — была заключана ў 1385 г. у замку Крэва (цяпер вёска ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці). Згодна з умовамі уніі Ягайла даў абяцанне «на вечныя часы далучыць свае землі, літоўскія і рускія, да Кароны Польскай». Пад «рускімі землямі» меліся на ўвазе ў першую чаргу землі Беларусі і часткова Украіны.

Адной з умоў персанальнай уніі стала патрабаванне буйных польскіх феадалаў, каб вялікі князь літоўскі, 34-гадовы Ягайла, ажаніўся з дачкой польскага караля 13-гадовай Ядвігай. У наступным годзе ўмовы уніі былі выкананы. Ён прыняў каталіцтва, атрымаў імя Уладзіслава ІІ, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў каранаваны. Ягайла быў абраны польскім каралём у 1386—1434 гг. і застаўся вялікім князем літоўскім.

Дынастычны шлюб Ягайлы азначаў уключэнне ВКЛ у склад Польскага каралеўства. Ён прыняў каталіцтва і выдаў прывілей — грамату (дзяржаўны дакумент), якая давала дадатковыя правы i вольнасцi феадалам каталіцкага веравызнання. Прывілей не распаўсюджваўся на праваслаўных феадалаў, што выклікала незадавальненне праваслаўнай часткі насельніцтва.

3. Наступствы Крэўскай уніі мелі як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі. Саюз дзвюх дзяржаў значна павялічыў іх абараназдольнасць. Ён садзейнічаў росту культурных і іншых сувязей паміж імі, а таксама з іншымі краінамі Заходняй Еўропы. У ВКЛ побач з праваслаўнымі беларусамі, украінцамі і рускімі з’явіліся католікі-літоўцы, католікібеларусы і палякі. Але з Крэўскай уніі пачаліся і адмоўныя з’явы, звязаныя з акаталічваннем беларускага народа. Князь літоўскі і кароль польскі разам з каталіцкім духавенствам актыўна падтрымлівалі каталіцкую шляхту (дваранства), роля якой значна ўзрасла.

4. Грунвальдская бітва, якая адбылася 15 ліпеня 1410 г. паміж аб’яднанымі сіламі польска-літоўска-беларускага войска і Тэўтонскім ордэнам, мела рашаючае значэнне ў барацьбе з пранікненнем крыжакоў на Усход. Войскі ВКЛ на лічвалі 40 харугваў — баявых атрадаў колькасцю ад 60 да 600 коп’яў. Кап’ём называлася баявая тройка: рыцарвершнiк, збраяносец- парабак і лучнік. Харугвы ВКЛ узначаліў вялікі князь літоўскі Вітаўт. Агульнае кіраўніцтва аб’яднаным войскам саюзнікаў ажыццяўляў польскі кароль Ягайла. Войскам крыжакоў кіраваў вялікі магістр (кіраўнік) Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. Бiтва пачалася з атакi конніцы Вітаўта. Крыжакі, строй якіх нагадваў «клін», пачалі наўмысна адступаць, пакуль не дайшлі да схаваных ад вачэй бамбардаў — гармат, што стралялі каменнымі ядрамі. Аднак гэта не спыніла конніцу Вітаўта. Тады крыжацкая цяжкаўзброеная конніца нанесла ўдар у адказ і прымусіла адступіць частку войскаў Вітаўта. Выключную стойкасць праявiлi тры палкi Смаленскага княства. Два з iх злучылiся затым з харугвамi польскага войска, якое перайшло ў наступленне. Войскi саюзнікаў акружылі рыцараў і нанеслі ім рашаючае паражэнне.

Паражэнне Тэўтонскага ордэна азначала крах 200-гадовай крыжацкай агрэсіі ў Еўропе. Перамога над крыжакамі значна павысіла міжнародны аўтарытэт ВКЛ і Польскага каралеўства сярод іншых краін.

2. Палітыка беларусізацыі і яе вынікі. Развіццё навукі і адукацыі, літаратуры і мастацтва ў 1920—1930-я гг.

1. Беларусізацыяй называецца палітыка Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі ў перыяд з 1924 г. да канца 1920-х гг. Беларусізацыя прадугледжвала комплекс мерапрыемстваў па адраджэнні беларускай культуры, школы, мовы. Адбываўся перавод пераважна на беларускую мову навучання ў школах, дзяржаўнага апарату, беларусы па нацыянальнасці вылучаліся на кіруючыя пасады (карэнізацыя). У 1922 г. па ініцыятыве народнага камісара асветы У. М. Ігнатоўскага быў арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які быў рэарганізаваны ў 1929 г. у Беларускую Акадэмію навук.

Беларусізацыя садзейнічала пашырэнню сферы ўжытку беларускай мовы. У гады беларусізацыі дзяржаўнымі былі аб’яўлены адразу чатыры мовы — беларуская, руская, яўрэйская і польская. Такі падыход улічваў асаблівасць нацыянальных адносін у Беларусі. Паводле перапісу насельніцтва 1926 г. у БССР пражывала 80,6 % беларусаў, 8,2 % яўрэяў, 7,7 % рускіх, 2 % палякаў.

Беларусізацыя мела важнае значэнне для завяршэння працэсу фарміравання беларускай нацыі. У той жа час кіраўніцтва СССР бачыла ў правядзенні палітыкі беларусізацыі нацыяналістычныя праявы, якія перашкаджалі будаўніцтву сацыялізму.

2. Адукацыя і навука. Дзякуючы палітыцы беларусізацыі ў БССР паспяхова вырашаліся агульныя для СССР пытанні, звязаныя з ліквідацыяй непісьменнасці дарослага на сель ніц тва і падрыхтоўкай неабходных кваліфікаваных кадраў, што стала асновай для фарміравання савецкай інтэлігенцыі. У 1933 г. БССР была абвешчана краінай суцэльнай пісьменнасці.

Выдатны вучоны, філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства, філалогіі і фалькларыстыкі Я. Ф. Карскі ў 1922 г. завяршыў працу над трохтомным выданнем «Беларусы», якое лічыцца энцыклапедыяй беларусазнаўства.

Буйным вучоным у галіне матэматыкі, геафізікі, астраноміі і геаграфіі стаў ураджэнец Магілёва О. Ю. Шміт. Ён быў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў асваення Паўночнага марскога шляху, узначаліў у 1934 г. экспедыцыю на параходзе «Чалюскін», які быў расціснуты льдамі, а ўдзельнікі экспедыцыі апынуліся на льдзіне. Праз два месяцы «чалюскінцаў» выратавалі лётчыкі. Iм, як і О. Шміту, было ўпершыню прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. О. Шміт упершыню ў СССР даследаваў матэматычныя законы грашовай эмісіі, даў матэматычнае абгрунтаванне наяўнасці жалезных руд на Курскай магнітнай анамаліі, сфармуляваў новую тэорыю «халоднага» ўтварэння Зямлі і планет з дапланетнага газава-пылавога воблака.

Ураджэнец Гродзеншчыны савецкі вучоны А. Л. Чыжэўскі стаў адным з заснавальнікаў гістарыяметрыі і геліябіялогіі. Ён даследаваў уплыў касмічных фактараў і ўздзеянне паветраных іонаў на жывыя арганізмы, устанавіў залежнасць паміж цыкламі сонечнай актыўнасці і многімі з’явамі ў біясферы. Ім распрацавана прыстасаванне для аздараўлення паветра адмоўна заражанымі іонамі, вядомае як «люстра Чыжэўскага».

3. Літаратура. Для беларускай літаратуры ў 1920-я гг. было характэрна станаўленне жанру рамана. Першым стаў раман З. Х. Жылуновіча (літаратурны псеўданім Цішка Гартны) «Сокі цаліны». Выйшла другая частка аднаго з самых значных твораў Я. Коласа «На ростанях» — аповесць «У глыбі Палесся». Я. Колас і Я. Купала сталі народнымі паэтамі Беларусі.

Найлепшым празаічным творам 1930-х гг. стала аповесць Я. Коласа «Дрыгва», у якой адлюстравана дзейнасць петрыкаўскага партызана, народнага героя дзеда Талаша.

Выйшлі з друку цікавыя і захапляльныя творы для юнага чытача. Сярод іх — аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз», Я. Маўра «Палескія рабінзоны».

4. Тэатр. Пад кіраўніцтвам выдатнага беларускага рэжысёра Е. Міровіча адбывалася станаўленне Беларускага дзяржаўнага тэатра (сучасны Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Шырокую вядомасць надалі тэатру спектаклі «Паўлінка» і «Тутэйшыя» па п’есах Я. Купалы. Падзеі апошняй п’есы адбываюцца ў час германскай і польскай акупацыі Беларусі. У цэнтры ўвагі Я. Купалы — мясцовыя жыхары («тутэйшыя»).

У 1926—1932 гг. дзейнічаў незвычайны тэатр, які працягваў традыцыі батлейкі.

5. Кіно. 1920-я гг. сталі часам зараджэння беларускага савецкага кіно. У 1926 г. быў створаны першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» рэжысёра Ю. Тарыча. Гэта героіка-рамантычная кінастужка аб Грамадзянскай вайне паводле аповесці М. Чарота «Свінапас». Сюжэт кінастужкі звязаны з дзейнасцю юнага партызанскага разведчыка, які ўдзельнічае ў барацьбе з польскімі інтэрвентамі. Напрыканцы фільма
ў вызваленым ад інтэрвентаў Мінску адбываецца пасяджэнне губернскага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, дзе засядаюць яго кіраўнікі, у тым ліку А. Р. Чарвякоў, які сыграў самога сябе.

У 1928 г. у Ленінградзе адкрылася кінастудыя мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь», якая ў канцы 1930-х гг. была пераведзена ў Мінск.

6. Архітэктура. Адным з заснавальнікаў беларускай савецкай архітэктуры з’яўляецца І. Лангбард. Па яго праектах у Мінску былі пабудаваны Дом урада, Дом Чырвонай Арміі, галоўны корпус Акадэміі навук БССР, Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. Дзевяціпавярховы будынак Дома ўрада быў узведзены без пад’ёмных кранаў (першы з іх з’явіўся ў Мінску толькі ў 1940 г.). Па праекце І. Лангбарда ў Магілёве быў узведзены Дом Саветаў, вонкава падобны да Дома ўрада ў Мінску. Гэта было звязана з абмеркаваннем пытання аб пераносе сталіцы рэспублікі з Мінска ў Магілёў па прычыне блізкасці граніцы з Польшчай.

7. Жывапіс. У беларускім жывапісе адным з першых звярнуўся да адлюстравання гістарычных падзей мастак М. Філіповіч. Ім былі створаны карціны «Бітва на Нямізе», «Ноч на Івана Купалу», «Паўстанне К. Каліноўскага». В. Волкаў напісаў карціну «К. Каліноўскі». Яна мела вялікі поспех. Мастак быў вядомы як аўтар манументальных карцін, прысвечаных барацьбе за ўстанаўленне і ўмацаванне савецкай улады. Сярод іх — вядомая карціна «Партызаны». Малады мастак І. Ахрэмчык стаў вядомым як аўтар карцін «Падпісанне Маніфеста аб утварэнні БССР», «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск». 

3. Тлумачэнне прычынна-выніковых сувязей паміж гіста рычнымі фактамі

Тлумачэнне прычынна-выніковай сувязі паміж паўстаннем 1863—1864 гг. і скасаваннем часоваабавязанага становішча сялян у беларускіх губернях

Ва ўмовах разгортвання паўстання, каб адцягнуць ад масавага ўдзелу ў ім сялян беларускіх губерняў, царскі ўрад вымушаны быў змяніць некаторыя ўмовы рэформы 1861 г. Часоваабавязанымі лічыліся былыя памешчыцкія сяляне, вызваленыя ад прыгоннага права, але абавязаныя адпрацоўваць ранейшыя павіннасці да поўнага выкупу зямлі. Паводле спецыяльных царскіх указаў з 1 мая 1863 г. у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях і з 1 студзеня 1864 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях такія часоваабавязаныя адносіны спыняліся. Сяляне незалежна ад згоды памешчыкаў пераводзіліся на абавязковы выкуп зямельных надзелаў, а памер выкупных плацяжоў зніжаўся на 20%. Гэтыя ўступкі самадзяржаўя істотна змякчалі ўмовы вызвалення сялян у Беларусі, каб схіліць іх настроі на карысць расійскіх улад.