Білет 6. Гісторыя Беларусі

1. Беларусь ва ўмовах польска-савецкай вайны 1919-1920 гг. Другое абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. Рыжскі мірны дагавор

Наступленне польскіх войскаў. У лістападзе 1918 г. адрадзілася Польская дзяржава. Урад Ю. Пілсудскага выступаў за аднаўленне тэрыторыі ў межах Рэчы Паспалітай па стане на 1772 г., што азначала імкненне вярнуць тэрыторыі Беларусі і Літвы, дзе ўжо была ўстаноўлена савецкая ўлада, у склад Полынчы. У лютым 1919 г. польскія войскі пачалі наступленне і да лета занялі значную тэрыторыю Беларусі. Чырвоная Армія пакінула Вільню, Брэст, Мінск. Пагроза захопу навісла над Гомелем. I толькі на лініі ракі Бярэзіны фронт стабілізаваўся. Такое становішча захоўвалася да вясны 1920 г. Арганізацыя барацьбы з польскай інтэрвенцыяй стала адной з галоўных задач савецкай улады.

Акупацыйны рэжым. На занятай тэрыторыі Беларусі польскія ўлады ліквідавалі органы мясцовага кіравання, аднаўлялі памешчыцкае землеўладанне, учынялі свае парадкі. Палітычныя праціўнікі польскай улады падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У культурным жыцці праводзілася палітыка паланізацыі — сістэма мерапрыемстваў па асіміляцыі беларускага народа. Зачыняліся беларускія школы і ўстановы культуры.

Ва ўмовах польскай акупацыі кіраўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі выступілі супраць прэтэнзій Польшчы на беларускія тэрыторыі. Улічваючы небяспеку з боку Польшчы, у снежні 1918 г. на нарадзе ў Гродне Рада БНР стварыла Савет Дзяржаўнай абароны на чале з В. Ю. Ластоўскім. Перад ім была пастаўлена задача арганізацыі барацьбы з наступаючымі польскімі войскамі.

У красавіку 1919 г. Ю. Пілсудскі звярнуўся з адозвай да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага. Ён паабяцаў, што дасць народу магчымасць самому вырашаць свае нацыянальныя і рэлігійныя справы. У выніку шэраг беларускіх партый і арганізацый узяў курс на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Разам з тым у сакавіку 1920 г. польскі ўрад афіцыйна заявіў, што не збіраецца прызнаваць БНР.

Барацьба супраць польскіх інтэрвёнтаў. Супраціўленне польскім інтэрвентам арганізоўвалі бальшавікі. Яны заняліся арганізацыяй партызанскіх атрадаў ва ўсходніх раёнах і падрыхтоўчай работай па іх стварэнні ў заходніх раёнах Беларусі. У снежні 1919 г. паміж балынавікамі і беларускімі эсэрамі было заключана пагадненне аб стварэнні адзінага фронту барацьбы, а ў сакавіку 1920 г. быў распрацаваны сумесны план узброенага паўстання. Такі шырокі і арганізаваны рух супраціўлення паскараў вызваленне тэрыторыі Беларусі.

На шлях супрацоўніцтва з Камуністычнай партыяй (балынавікоў) Літвы і Беларусі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У. М. Ігнатоўскім. Яна адкалолася ад партыі беларускіх эсэраў і мела на мэце адраджэнне савецкай улады ў Беларусі. Усе партызанскія атрады ў раёне Мінска дзейнічалі пад кіраўніцтвам БКА.

У гады польскай акупацыі захоўвалася савецкая ўлада ў «Рудабельскай рэспубліцы». У студзені 1920 г. польская карная экспедыцыя спаліла вёску Рудабелку, але падавіць гіартызанскі рух акупантам не ўдалося. У час барацьбы з польскай інтэрвенцыяй славутым стала імя дзеда Талаша. Ён ва ўзросце 74 гадоў арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад колькасцю каля 300 чалавек, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларускага Палесся.

Ваенныя дзеянні на польска-савецкім фронце ў 1920 г. У сакавіку 1920 г. польскія войскі пачалі новае наступленне. У межах Беларусі ім удалося стварыць пяціразовую перавагу над войскамі Чырвонай Арміі. Над савецкай уладай навісла сур’ёзная небяспека. Дзякуючы перакідванню войскаў з Усходняга фронту на Польскі фронт і барацьбе супраць польскіх інтэрвентаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ўдалося спыніць польскае наступленне і ў ліпені 1920 г. перайсці ў контрнаступленне, у выніку якога быў вызвалены Мінск.

У жніўні 1920 г. ад польскіх акупантаў быў вызвалены Брэст. Савецкія войскі рушылі далей на Захад, на тэрыторыю Полыпчы з мэтай распаўсюджвання сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. Войскі Чырвонай Арміі пад кіраўніцтвам М. М. Тухачэўскага дайшлі да прадмесцяў Варшавы. 3-за недахопу сіл, слабага матэрыяльнага забеспячэння, нескаардынаваных дзеянняў, а таксама адмоўнай рэакцыі польскага насельніцтва войскі Чырвонай Арміі пацярпелі паражэнне. Пад пагрозай акружэння яны вымушаны былі з вялікімі стратамі адступіць з тэрыторыі не толькі Польшчы, але і Заходняй Беларусі.

Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ. 31 ліпеня 1920 г. у вызваленым ад польскіх інтэрвентаў Мінску была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). Адбылося другое абвяшчэнне ССРБ на тэрыторыі Беларусі. Дэкларацыя пацвердзіла палажэнні Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі ад 1 студзеня 1919 г. У падрыхтоўцы і падпісанні Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ удзельнічаў старшыня БКА У. М. Ігнатоўскі.

Рыжскі мірны дагавор і яго вынікі для Беларусі. Ва ўмовах, калі польскія войскі ў выніку контрнаступлення занялі значную частку Беларусі, савецкі ўрад быў вымушаны пайсці на перамовы аб міры. Яны прайшлі ў лістападзе 1920 г. у Рызе паміж РСФСР і Ўкраінай з аднаго боку і Польшчай — з другога. Па ўмовах Рыжскага міру ад 18 сакавіка 1921 г. значная частка тэрыторыі Беларусі — 113 тыс. км2 з насельніцтвам больш за 4 млн чалавек — трапіла ў склад Рэчы Паспалітай. За БССР захавалася толькі шэсць паветаў Мінскай губерні — Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі, у якіх пражывала 1,6 млн чалавек. Граніца з Полынчай прайшла ў 30 км на захад ад Мінска. Віцебская і Гомельская губерні, заходнія паветы Смаленскай губерні заставаліся ў складзе РСФСР.

2. БССР у другой палове 1950-х — 1980-я гг.: асноўныя этапы і напрамкі рэфармавання грамадства

Курс на рэфармаванне савецкага грамадства ў другой палове 1950-х — першай палове 1960-х гг. Перыяд другой паловы 1950-х — першай паловы 1960-х гг. атрымаў назву «хрушчоўская адліга». Ёіі вызначаўся змякчэннем палітычнага рэжыму, пачаткам рэабілітацыі — аднаўлення добрага імя нявінна пацярпелых ад палітычных рэпрэсій, пераменамі ў грамадскім і культурным жыцці. Пасля смерці I. В. Сталіна ў 1953 г. узнікла магчымасць змены курсу развіцця. Характар палітычнага рэжыму, які існаваў пры Сталіне, быў вызначаны як рэпрэсіўны, а культ асобы асуджаны. Аднак карэннай «ломкі» рэжыму не адбылося. Пры М. С. Хрушчове (з 1953 г. — Першы сакрагар ЦК КПСС, а з 1958 да 1964 г. — адначасова і Старшыня Савета Міністраў СССР) былі зроблены спробы рэформ, якія прадугледжвалі часгковую дэмакратызацыю ў палітычнай галіне і садзейнічалі стварэнню болын спрыяльных умоў для індустрыяльнага развіцця БССР. Але правядзенне рэформ спалучалася з валюнтарызмам М. С. Хрушчова, пры якім аб’ектыўныя законы развіцця грамадства нярэдка ігнараваліся, а яго ўласныя погляды станавіліся вызначальнымі. Так, у 1961 г. на XXII з’ездзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюза была прынята Праграма партыі, якая паставіла ілюзорную мэту завяршыць пераход да камунізму ў 1980-я гг. У БССР рэформы праводзіліся пад кіраўніцтвам Першага сакратара ЦК КПБ Кірыла Трафімавіча Мазурава.

Нарастанне кансерватызму і застойных з'яў у грамадскім і эканамічным становішчы ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. Перыяд развіцця СССР 1965-1984 гг. характарызаваўся прыходам да ўлады ў СССР Л. I. Брэжнева. Для яго была характэрна схільнасць да захавання і падтрымання папярэдняй грамадска-палітычнай сістэмы. У Канстытуцыі БССР1978 г. была зроблена выснова аб пабудове «развітога сацыялізму». Вялікую ролю ў развіцці БССР адыграла дзейнасць на пасадзе Першага сакратара Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР было звязана з паступовым фарміраваннем індустрыяльнага грамадства. Для яго характэрныя паглыбленне падзелу працы, спецыялізацыя вытворчасці і яе аўтаматызацыя, арыентацыя вытворчасці на рынак, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя. Накоплены ў 1970-я гг. эканамічны патэнцыял дазваляе ахарактарызаваць БССР як індустрыяльную краіну.

Прыняцце курсу на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця ў перыяд перабудовы. Савецкая краіна да сярэдзіны 1980-х гг. апынулася ў стане палітычнага і эканамічнага «застою» (стагнацыі). Забяспечваць далей высокія тэмпы на аснове экстэнсіўнага шляху развіцця эканомікі за кошт колькаснага пашырэння паказчыкаў стала немагчымым. Спробы перавесці гаспадарку на інтэнсіўны шлях развіцця, звязаныя з ростам вытворчасці на аснове паляпшэння якасных паказчыкаў, найперш за кошт укаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі, аказаліся безвыніковымі.

Ініцыятарам рэформы стаў М. С. Гарбачоў — Генеральны сакратар ЦК КПСС у 1985-1991 гг., якому належала ідэя ўдасканалення тагачаснага грамадскага ладу. Перыяд другой паловы 1980-х гг. атрымаў у гісторыі назву «перабудова». Аснову абнаўлення павінна было забяспечыць паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пры гэтым у эканоміцы захоўвалася камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання, а таксама дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, а ў грамадска-палітычным жыцці — кіруючая роля камуністычнай партыі.

Задачай перабудовы стала ліквідацыя скажэнняў у будаўніцтве сацыялізму і вяртанне да ленінскага бачання сацыялізму. Пераход да дэмакратычных прынцыпаў кіравання разглядаўся ў якасці пераважнага над эканамічнымі рэформамі, якім надавалася другараднае значэнне. Увага перш за ўсё накіроўвалася на забеспячэнне поўнаўладдзя Саветаў. Было скасавана палажэнне Канстытуцыі БССР 1978 г. аб кіруючай і накіроўваючай ролі КПСС. Камуністычная партыя Беларусі пазбаўлялася дзяржаўных функцый, якія былі замацаваны выключна за Саветамі. Пачалося паступовае фарміраванне шматпартыйнасці.

3. Суаднясенне гістарычнай падзеі ў Беларусі з грамадска-гістарычным працэсам

Вызначэнне грамадска-гістарычнага працэсу, аб якім сведчыла правядзенне выбараў народных дэпутатаў БССР на альтэрнатыўнай аснове.

Упершыню выбары ў Вярхоўны і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў БССР на альтэрнатыўнай аснове (калі на кожнае месца прэтэндавалі некалькі кандыдатаў, а канчатковае рашэнне было за выбаршчыкамі) адбыліся ў 1990 г. згодна з новым выбарчым законам. Правядзенне такіх выбараў сведчыла аб выніках палітыкі перабудовы і распаўсюджванні працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця, заснаванага на прынцыпе народаўладдзя. Упершыню ў гісторыі Вярхоўнага Савета БССР у ім узнікла парламенцкая апазіцыя — група (фракцыя) дэпутатаў. У гэтых умовах замест існаваўшага раней фармальнага аднагалоснага зацвярджэння законаў у Вярхоўным Савеце БССР праходзіла іх сапраўднае абмеркаванне.